18 кастрычніка пайшоў з жыцця наваполацкі мастак, акварэліст, сябра Беларускага саюза мастакоў, Ганаровы грамадзянін Наваполацка Віктар Лук’янаў.

Лук’янаў Віктар Міхайлавіч нарадзіўся 27 лютага 1940 года ў в. Уласава Віцебскага раёна, беларускі мастак. Ужо студэнтам мастацка-графічнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута ён актыўна прымаў удзел у выставах і сур’ёзна захапіўся акварэллю. Менавіта акварэль ён называў сваёй каханай тэхнікай, якой валодаў віртуозна.
У 1970-я гг. яго запрасілі прыехаць у горад Наваполацк, які актыўна забудоўваўся, і заняць пасаду галоўнага мастака. У той час у горадзе мастакі і архітэктары працавалі разам. Віктар Міхайлавіч шмат працаваў над афармленнем грамадскіх будынкаў. Ім і яго калегамі выкананы вітражы ў паліклініцы № 1, пано ў кінатэатры “Мінск”, мазаікі на фасадах дзіцячых садоў і мн. інш.
У 1998 годзе Віктару Міхайлавічу было прысвоена званне Ганаровага грамадзяніна горада Наваполацка.
На рахунку майстра дзясяткі манументальных работ у інтэр’ерах і экстэр’ерах грамадскіх будынкаў. Акварэльныя работы Віктара Лук’янава захоўваюцца ў мастацкіх музеях, галерэях і прыватных калекцыях Беларусі, Расеі, Польшчы, Японіі, ЗША, Італіі, Германіі, Швецыі, Ізраіля.






