BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Памёр паэт Мікола Трафімчук

Не стала цудоўнага беларускага паэта і выдаўца з Берасцейшчыны Міколы Трафімчука. Яму было 74 гады.

Мікола Трафімчук нарадзіўся ў 1950 годзе ў вёсцы Осаўцы Драгічынскага раёна ў сялянскай сям’і. Скончыў Белінскую сярэднюю школу, затым – Берасцейскае ГПТВ-65 будаўнікоў. Служыў у войску. У 1968 годзе паступіў на філфак Берасцейскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута. Працаваў у школах Драгічынскага і Бярозаўскага раёнаў, з 1975 года – у рэдакцыях раённых газет “Чырвоная звязда” (Іванава) і “Запаветы Леніна” (Драгічын), на Берасцейскім тэлебачанні, у газетах “Звязда” і “Менская праўда”, карэспандэнтам-арганізатарам Бюро прапаганды мастацкай літаратуры СП Беларусі. З’яўляўся сябрам літаратурнага аб’яднання «Світанак», а з 1984 года – яго кіраўніком. З 1994 года – у рэдакцыі газеты “Наша доля”. У 2005 годзе Мікола Трафімчук стаў заснавальнікам і галоўным рэдактарам літаратурна-мастацкага альманаха “Гоман”.

Вершы Міколы Трафімчука з 1973 года змяшчаюцца на старонках газет і часопісаў, у зборніках «Дзень паэзіі». Ён адзін з аўтараў зборніка маладых паэтаў «Нашчадкі» (1979) і зборніка дзіцячых паэтаў «Цвіце верас» (1987).

Першая асобная кніжка паэта пад назвай «Трыванне» выйшла ў 1990 годзе. Потым свет пабачылі зборнікі вершаў «Траекторыя» (1992), «Фэст, альбо Трыяда» (1993), «Нішто не вернецца ніколі» (1995), «Любіць Бог Беларусь» (1996) і іншыя. Многія вершы Міколы Трафімчука пакладзены на музыку: «Драгічынскі вальс», «Павуцінка», «Бацькоўскі сад».

У адным з ранніх вершаў Мікола Трафімчук пісаў:

Мой кожны крок вірлівага жыцця

Азорваюць агромністыя сэрцы.

Яны – тваё аблічча, о Радзіма!

Мае выратавальныя кругі!

Беларускае Радыё Рацыя