BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Памёр пісьменнік, літаратуразнаўца Уладзімір Гніламёдаў

Доктар філалагічных навук, акадэмік, літаратуразнаўца, крытык, пісьменнік Уладзімір Васільевіч Гніламёдаў памёр сёння, 3 лістапада. Яму было 86 гадоў. 

Гніламёдаў нарадзіўся ў 1937 годзе ў сялянскай сям’і ў цяперашнім Камянецкім раёне Берасцейскай вобласці. Скончыў філалагічны факультэт Берасцейскага педінстытута, служыў у войску, працаваў настаўнікам.

Першыя публікацыі Уладзіміра Гніламёдава ў друку з’явіліся ў 1963 годзе. Дэбютная навуковая тэма была прысвечана сучаснай беларускай паэзіі. Гэтаму жанру вучоны застаўся верным і пазней.

Амаль 10 гадоў Уладзімір Васільевіч працаваў на пасадзе дырэктара Інстытута літаратуры. Менавіта ў гэты перыяд акадэмічная ўстанова рыхтавала фундаментальную навуковую працу «Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя ў чатырох тамах і шасці кнігах» (1999—2014), якая стала плёнам даследчыцка-навуковых дасягненняў літаратуразнаўчых сіл усёй Беларусі і паказала найважнейшыя дасягненні нашага пісьменства за 20 стагоддзе. 

Быў адным з заснавальнікаў выдавецтва «Галіяфы».

Пачынаючы з 2000 года Уладзімір Гніламёдаў выступае як празаік. Раман «Уліс з Прускі» у 2007 годзе быў адзначаны прэміяй «Залаты Купідон». Працягам гэтага твора сталі раманы «Усход» і «Вяртанне».