BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Памёр пісьменнік Мікола Маляўка

4 красавіка на 83-м годзе жыцця памёр беларускі паэт і празаік Мікола Маляўка.

Нарадзіўся Мікола Маляўка ў вёсцы Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям’і. Пасля школы-дзесяцігодкі працаваў у калгасе, на лесанарыхтоўках ў Карэліі.
Скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Настаўнічаў у вясковых школах. Працаваў у Нясвіжскай раённай газеце, на рэспубліканскім радыё і тэлебачанні, у часопісе “Вясёлка” (30 гадоў).

Пісаў для дарослых і дзяцей. Аўтар шматлікіх кніг паэзіі і прозы.

Родная зямля над Нёманам – крыніца творчага натхнення пісьменніка. У сваіх кнігах ён апяваў жыццё, мір, стваральную працу, сяброўства і каханне.

Аўтар паэтычных зборнікаў «Едуць маразы» (1966), «Лотаць» (1973), «Эстакада» (1982), «Аднавяскоўцы» (1988), «Зімні дождж» (1991), «Ручнічок на крыжы» (1995), «Покуць» (2001), «Сядзіба, або Хата з матчынай душой» (2002), «Старая зямля» (2005), «Ой, бярозы і сосны…» (2006), «Дзічка ў полі» (2007), «Крыштальная галінка снегападу» (2011), «Беражыце шыпшыну» (2013) і іншых, кніг вершаў і казак для дзяцей «Дзед і ўнучка» (1983), «Салодкі лядзяш» (1986), «Як дом будавалі» (1987), «Дзе жывуць казкі» (1994), «Запрашаем на калядкі» (1998), «Папялушка» (2000), «Пачынайце дзень з усмешкі» (2013) і г.д.

Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Аркадзя Куляшова (1992 г.), прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (1997 г.), Нацыянальнай літаратурнай прэміі (2021г.).

Пахаваюць Міколу Маляўку 6 красавіка на малой радзіме ў вёсцы Мікалаеўшчына.

Беларускае Радыё Рацыя