23 студзеня ў Менску памёр беларускі пісьменнік Віктар Гардзей. Ён пражыў 78 гадоў.

Нарадзіўся Віктар Гардзей у вёсцы Малыя Круговічы Ганцавіцкага раёна ў сялянскай сям’і. Пасля заканчэння ў 1964 годзе сярэдняй школы працаваў у калгасе. У 1965–1966 гадах ён быў супрацоўнікам ляхавіцкай раённай газеты «Будаўнік камунізму», з 1967 па 1983 гады з’яўляўся загадчыкам аддзела пісьмаў, адказным сакратаром і намеснікам рэдактара ганцавіцкай раённай газеты «Савецкае Палессе». У 1983 годзе пераехаў у Менск, дзе пачаў працаваць у часопісе «Беларусь». Завочна скончыў у 1984 годзе факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў у часопісах «Маладосць», «Полымя», «Вожык», выдавецтве «Мастацкая літаратура», у газеце «Літаратура і мастацтва».
У друку Віктар Гардзей упершыню выступіў у 1963 годзе з апавяданнем «Памылка». З сярэдзіны 1970-х гг. пачалі выходзіць яго зборнікі паэзіі. Сярод іх – «Касавіца» (1975), «Верасное палясоўе» (1978), «Засевак Радзімы» (1983), «Незабудкі азёр» (1985), «Узрушэнне» (1988), «Дзікая пчала» (1994), «Зялёныя дажджы» (1997), «Межань» (1999), «Трыадзінства» (2010) і іншыя. У вершах паэт апісваў хараство беларускай прыроды ў розныя поры года, экалагічнае бедства пасля чарнобыльскай трагедыі, закранаў маральна-этычныя і сацыяльныя праблемы вёскі, адлюстроўваў боль абпаленага вайной пакалення. Паэт заклікаў знайсці ў сабе сілы, каб пераадолець песімізм, душэўную адзіноту. Яго лірычны герой і сёння спяшаецца жыць, дзеліцца вялікімі і малымі радасцямі.
Шматгранны талент Віктара Гардзея раскрыўся ў розных жанрах: паэзіі, крытыцы, журналістыцы. Аднак найбольш ярка ён праявіўся ў празаічных творах. Аповесць «Дом з блакітнымі аканіцамі» дала назву першай кнізе прозы (выдадзена ў 1984 г.). Многія творы Віктара Гардзея напісаны на матэрыяле Берайсцейшчыны, а прататыпамі яго літаратурных герояў сталі жыхары роднай вёскі Малыя Круговічы, якія з лёгкасцю пазнаюць сябе ў кожным новым творы пісьменніка. Чытачамі і крытыкай былі станоўча ўспрыняты трылогія «Аселіца ў басейне Чорнага мора» (2000), раман «Бедна басота» (2003), зборнік аповесцей і апавяданняў «З мінулага не вяртаюцца…» (2013). Віктар Гардзей напісаў шмат твораў для дзяцей, якія ўвайшлі ў зборнікі вершаў «Чырвоны грабеньчык» (1976), «На арэхавай палянцы» (1982), «Коцікі на вярбе» (1988), «Мой тата – трактарыст» (1989), «Зай, які лічыў варон» (1991), «Зайкава балалайка» (1998), «У бары на зары» (2001), «Малая дзіцячая Чырвоная кніга» (2008). Плённа працаваў пісьменнік і ў галіне перакладу.
У 1993 годзе Віктар Гардзей стаў лаўрэатам літаратурнай прэміі імя Івана Мележа, у 2008 г. дыпламантам Рэспубліканскага конкурсу на лепшы літаратурны твор года «Залаты Купідон». Імем пісьменніка названа вуліца ў вёсцы Малыя Круговічы; на месцы дома, дзе ён нарадзіўся, у 2017 годзе быў устаноўлены памятны знак.
Беларускае Радыё Рацыя