Італьянскі мадэльер Раберта Кавалі памёр на 84 годзе жыцця ў Фларэнцыі, паведаміла газета Corriere della Sera. Ён працаваў у свеце моды з 1970-х да продажу правоў на названы яго імем брэнд у 2015 годзе.
Кавалі скончыў Акадэмію прыгожых мастацтваў у Фларэнцыі, ён спрабаваў сябе ў ролі мастака, затым фатографа.
Уласны брэнд – Roberto Cavalli – мадэльер заснаваў у 1970-х. У 1972 годзе ён правёў свой першы паказ мод і ў гэтым жа годзе адкрыў першы модны буцік у Сен-Трапэ. Страціўшы вядомасць у 80-я, ён прыйшоў да новага піку папулярнасці ў канцы 90-х, калі ў моду ўвайшлі ягоныя фірмовыя анімалістычныя прынты ў колер шкур жывёл: леапардаў, тыграў і зебраў.
Кавалі быў жанаты тройчы, у яго засталося шасцёра дзяцей. Мадэльер доўга хварэў і ў апошнія дні ягоны стан пагоршыўся. Пра час і месца пахавання пакуль не паведамлялася.
Беларускае Радыё Рацыя