У Вялікабрытаніі на 89-м годзе жыцця памёр адзін з найвыбітнейшых драматургаў сучаснасці Том Стопард. Пра гэта паведамляе The Guardian. Пісьменнік паўшоў з жыцця ў сваім доме ў графстве Дорсэт.

Том Стопард — аўтар знакамітых п’ес «Аркадыя», «Розэнкранц і Гільдэнстэрн мёртвыя», «Леапольдштадт», трылогіі «Бераг Утопіі», а таксама сцэнарыст фільма «Закаханы Шэкспір», за які быў узнагароджаны прэміямі «Оскар» і «Залаты глёбус». Сярод яго іншых вядомых твораў — «Травэстыі», «Вынаходніцтва любові», «Рок-н-рол».
Стопард, сапраўднае імя якога Томаш Штраўслер, нарадзіўся ў 1937 годзе ў Чэхаславакіі ў яўрэйскай сям’і, што ўцякала ад нацыстаў спачатку ў Сінгапур, а перад японскім наступам — у Індыю. Пасля Другой сусьветнай вайны яго маці выйшла замуж за брытанскага вайскоўца Кэнэта Стопарда, і сям’я пераехала ў Вялікабрытанію.
Драматург быў вядомы сваім вострым інтэлектуальным гумарам. Яго творчасць настолькі паўплывала на сучасную культуру, што ў Оксфардскім слоўніку з’явіўся тэрмін «стопардаянскі», які азначае спалучэнне філасофскіх ідэй з іроніяй і ўласцівым яму дасціпным стылем.
Стопард неаднаразова выступаў у падтрымку беларускіх палітвязняў. У 2011 годзе ён даслаў лісты начальнікам бабруйскай ПК №2, дзе адбываў пакаранне экс-кандыдат у прэзідэнты Андрэй Саннікаў, і глыбоцкай ПК №13, дзе ўтрымліваліся лідар «Маладога фронту» Зміцер Дашкевіч, з патрабаваннем спыніць ціск на зняволеных.
У 2023 годзе драматург зноў заявіў пра сваю салідарнасць з беларусамі і палітвязнямі. «Цяпер дрэнныя часы для дэмакратычнага права на іншадумства, таму так важна памятаць пра палітычных зняволеных… Беларусь знаходзіцца на пярэднім краі барацьбы з дыктатурай і тыраніяй. Мы павінны заступацца за іх, як за сябе», — пісаў ён.
Беларускае Радыё Рацыя





