Француская актрыса, спявачка, фотамадэль і пісьменніца Брыжыт Бардо памерла 28 снежня ва ўзросце 91 года, паведамляюць французскія СМІ.

Бардо была адной з самых вядомых кінозорак 1950—1960-х гадоў і сімвалам сексуальнасці свайго часу. Сусветную вядомасць яна атрымала дзякуючы фільму «І Бог стварыў жанчыну» (1956). Цягам дваццаці гадоў кар’еры Бардо знялася ў 48 фільмах, запісала каля 80 песень і шмат разоў удзельнічала ў музычных праграмах. Яна была намінантакай на прэмію BAFTA за ролю ў фільме «Віва, Марыя!» (1965).
У 1970 годзе Бардо стала першай мадэллю для бюста Марыяны — афіцыйнага сімвала Францыі. Пасля заканчэння кінакар’еры ў 1973 годзе яна прысвяціла сябе абароне правоў жывёл, заснаваўшы і ўзначаліўшы «Фонд Брыжыт Бардо».
Акрамя кіно і праваабарончай дзейнасці, Бардо была ідэалам прыгажосці для Джона Ленана і Пола Макартні з The Beatles. Падчас свайго візіту ў Лондан яна асабіста сустрэлася з Ленанам, і група планавала з ёй супольны мастацкі фільм, аднак гэтыя планы так і не рэалізаваліся.
У сваёй кнізе “Крык у цішыні” (2003) яна папярэдзіла аб “ісламізацыі Францыі” і сказала аб перасяленні мусульман наступнае: “За апошнія дваццаць гадоў мы саступілі падпольнаму, небяспечнаму і некіравальнаму пранікненню, якое не толькі супярэчыць нашым законам, але і спрабуе навязаць нам свае”. Акрамя таго, яна крытыкавала гей-прайды. Таксама яна выказвала незадаволенасць тым, што ўрад матэрыяльна дапамагае імігрантам, “калі столькі грамадзян Францыі жыве ў галечы”.






