BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Пасол Рэчы Паспалітай

6 жніўня спаўняецца 310 гадоў з дня нараджэння вялікалітоўскага гісторыка-архівіста, дыпламата і прававеда Мацея Догеля (1715-1760).

Мацей Догель быў родам з Лідскага павета. Пасля заканчэння Шчучынскага піярскага калегіума ўступіў у ордэн піяраў і займаўся выкладчыцкай дзейнасцю. Маршалак надворны літоўскі, уладальнік мястэчка Шчучын Сцыпіён дэль Кампа даручыў яму выхаванне свайго сына, разам з якім Догель выязджаў за мяжу, наведваў лекцыі ў Лейпцыгскім і Парыжскім універсітэтах, удасканальваў свае веды ў філасофіі, міжнародным праве і матэматыцы. З канца 1740-х гадоў быў рэктарам піярскага калегіума ў Вільні, заснаваў школу з асобным інтэрнатам для шляхецкай моладзі — Віленскі піярскі “Калегіум Нобіліум”.

У апублікаваным «Паведамленні» пра адкрыццё гэтай школы Мацей Догель падкрэсліваў вялікую ролю асветы ў справе маральнага ўдасканалення народа. Шмат падарожнічаў, у 1748 годзе, як пасол Рэчы Паспалітай, меў магчымасць працаваць у архівах і бібліятэках Германіі, Францыі, Галандыі, дзе сабраў шмат гістарычных і дыпламатычных дакументаў. Выкарыстоўваў таксама рэдкія, малавядомыя або нават сакрэтныя афіцыйныя дакументы, што захоўваліся ў каралеўскім архіве Кракава і Нясвіжскім архіве.

Асноўным навуковым і наватарскім на той час выданнем Мацеям Догелем быў збор міжнародных трактатаў. З васьмі запланаваных тамоў выйшлі толькі тры пад назвай «Дыпламатычны кодэкс Польскага каралеўства і Вялікага Княства Літоўскага» (Codex Diplomaticus Regni Poloniae et Magni ducatus Lithuaniae, in guo pacta, foedera tractatus pacis etc; Т. 1, 1758, т. 4, 1764, т. 5, 1759). Нявыдадзеныя матэрыялы (5 тамоў) у рукапісах паступілі ў Каралеўскую бібліятэку Варшавы, потым у Віленскі ўніверсітэт, адтуль у Пецярбургскую публічную бібліятэку. Мацей Догель выдаваў таксама збор дакументаў «Граніцы Польскага каралеўства і Вялікага Княства Літоўскага» (1758 г.) па размежаванні дзяржаўнай граніцы ВКЛ з Польшчай у сярэдзіне XVI стагоддзя. Яго зборнікі матэрыялаў па гісторыі міжнародных адносін Польшчы, Літвы і Беларусі за XIII-XVIII стагоддзі, як гістарычныя крыніцы, не страцілі свайго значэння і сёння.

Беларускае Радыё Рацыя