BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Павел Шаўцоў: Музей імя Францішка Скарыны ў Лондане пашырае сваю дзейнасць

Адзначэнне Дзядоў і гадавіны Ночы расстраляных паэтаў 1937 годзе, працяг даследніцкай дзейнасці і працы беларускай школкі, падрыхтоўка да навуковай канферэнцыі.

Скарынаўская бібліятэка ў Лондане, фота: Яраслаў Крывой

Усё гэта пра бягучыя справы беларускай бібліятэкі і музея імя Францішка Скарыны ў Лондане, – распавёў наш сённяшні Госць Рацыі, сябра Рады Апекуноў Павел Шаўцоў:

РР: Чым цяпер насычанае жыццё беларускай бібліятэкі ў Лондане?

– Скарынаўка цяпер мае шмат праектаў: і бібліятэчных, і грамадскіх, іншых падзеяў. Наконт праектаў унутрыбібліятэчных – мы працягваем нашую працу над музеямі, фізічнымі і віртуальнымі. У нас ёсць працоўныя групы, па фізічным музеі ў нас ужо ёсць дызайнер. Спадзяёмся, што ўжо праз пару месяцаў-паўгады ў нас будзе новы гістарычны музей у бібліятэцы. Мы хочам, каб яно ўсё было больш візуальна і цікава паказана, калі людзі прыходзяць глядзець.

Таксама пачалі працу па віртуальным музеі. У бібліятэцы ёсць свой сайт ужо шмат год, але мы хочам яго пашырыць, каб быў такі невялічкі віртуальны музей, дзе людзі маглі б таксама нашыя скарбы і цікавосткі глядзець не толькі з Лондану, хто можа фізічна прыехаць, але і віртуальна. Цяпер у нашай бібліятэцы працуюць прафесійныя архівісты, прафесійная бібліятэкарша таксама. Яны прыехалі на пару месяцаў каб паглядзець і дапамагчы ўпарадкаваць нашую калекцыю.

Працягваецца праца па каталагізацыі нашых скарбаў і нашых архіваў. Гэта ўсё нашы справы унутрыбібліятэчныя, так што шмат чаго адбываецца з гэтага пункту гледжання Таксама шмат падзеяў як заўсёды. Найбліжэйшая – гэта ноч (не)расстраляных паэтаў у пятніцу, гэта нашая гадавая падзея, як і ва ўсім беларускім свеце. Мы ўшануем памяць тых, каго той таталітарны рэжым знішчыў. У нас у бібліятэцы захоўваюцца арыгіналы некаторых выданняў.

Мы не толькі ўшаноўваем паэтаў, але і паказваем нашыя скарбы, якія з імі звязаныя. Гэта вершы напрыклад тых паэтаў, у нас ёсць арыгіналы выданняў яшчэ 20-ых-30-ых гадоў XX стагоддзя. Пасля у нас будуць Дзяды, дзе мы пойдзем на могілкі. Побач з бібліятэкай ёсць могілкі, дзе пахаваны шэраг выбітных беларусаў. Мы туды ідзём ушаноўваць іх памяць, і таксама тыя беларусы, якія цяпер не могуць паехаць на магілы сваякоў, яны як бы іх ушаноўваюць з Лондану, гэта важна людзям псіхалагічна таксама. Гэта малітвы не толькі для тых, хто пахаваны на гэтых могілках, але таксама сваякоў, якія пахаваныя ў Беларусі, але цяпер няма магчымасці туды паехаць.

Цалкам размову слухайце ў далучаным файле:

Уся інфармацыя пра бліжэйшыя мерапрыемствы бібліятэкі ды музея ў Лондане даступная на старонцы ў фэйсбук Francis Skaryna Belarusian Library and Museum in London.

Беларускае Радыё Рацыя