Эксперты адзінагалосна адзначаюць: 2025-ы стаў годам працягу і паглыблення рэпрэсій у Беларусі супраць усяго, што звязана з беларускай мовай, гісторыяй і нацыянальнай ідэнтычнасцю. Закрываліся культурныя ініцыятывы, узмацняўся ціск на творцаў і даследчыкаў. Але разам з гэтым з’яўляліся і формы супраціву, салідарнасці і надзеі, якія дапамагаюць захоўваць нацыянальнае адраджэнне нават у самых цяжкіх умовах.

Госць Рацыі — Павел Баркоўскі, прадстаўнік па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі. У размове ён падводзіць вынікі 2025 года для беларускай нацыянальнай культуры і гаворыць пра галоўныя тэндэнцыі, выклікі і страты, з якімі сутыкнулася культурная супольнасць.
РР: Давайце падвядзём вынікі сыходзячага году. Якія ключавыя зрухі ў сферы нацыянальнага адраджэння вы лічыце галоўнымі за гэты год? Што з запланаванага на гэты год удалося рэалізаваць, а што не і чаму?
Павел Баркоўскі: Гэты год агулам для беларусаў адбываецца пад знакам працягу рэпрэсій супраць нацыянальнай культуры, ідэнтычнасці, мовы і гісторыі. Гэта бачна і з тых справаздачаў, якія робіць тая ж Рада Культуры і Беларускі ПЭН, паказваючы маштаб рэпрэсій супраць дзеячаў культуры. Мы гэта бачым па тым, як змяняецца гістарычная адукацыя, як змяняюць падручнікі ў школах, што там пішуць пра нацыянальную гісторыю, што пішуць пра 20-е стагоддзе, пра ранейшыя перыяды. Таксама мы назіраем скарачэнне колькасці кніжных выданняў на беларускай мове ў Беларусі, скарачэнне колькасці тэатраў, якія працуюць па-беларуску, скарачэнне агулам культурнай прапановы на нацыянальнай мове. Назіраем, як наогул нацыянальная мова зусім слаба прысутнічае ў грамадскім жыцці, яе практычна ўжо стала вельмі мала бачна, нават на ўказальніках вуліц і ў грамадскім транспарце ўжо пачынаюць дзесьці прыбяраць.
Таму агульная сітуацыя, калі акрэсліць тым, што адбываецца ў Беларусі, я бы сказаў, што гэта сапраўды сітуацыя ўнутранай акупацыі, калі рэжым Лукашэнкі паводзіць сябе прыблізна так, як акупацыйныя ўлады Расеі, калі яны працуюць у акупаваных тэрыторыях Украіны. Адзінае, што яшчэ пакуль існуе, – беларуская мова і гісторыя Беларусі, як школьныя прадметы, але гэта, напэўна, адзінае чым адрозніваецца. У астатнім я б не сказаў, што існуе нейкая сур’ёзная падтрымка нацыянальнай культуры, адукацыі на нацыянальнай мове і наогул дзяржаўнай мовы беларускай. І калі казаць пра тое, што адбываецца ў Беларусі, – то гэта вельмі абмежаваная культурная творчасць, абмежаваная рамкамі цэнзуры, немагчымасцю паказвацца на публічных пляцоўках, існуе толькі ў вузкіх лакальных фарматах на рэгіянальным узроўні ці нават на ўзроўні кватэрнікаў і абмежаваных паказаў.
Што тычыцца таго, што адбываецца па-за межамі краіны, з улікам вялікай хвалі эміграцыі сярод дзеячаў культуры, навукі, мастацтваў, гісторыкаў, то мы бачым, што асноўная публічная дзейнасць разгортваецца па-за межамі Беларусі. Мы бачым сотні беларускіх арганізацый, якія працуюць зараз у розных краінах свету, пераважна, канешне, у Еўропе, але таксама ва Украіне, Грузіі, – стварэнне альтэрнатыўных фарматаў культурнага, інтэлектуальнага жыцця, альтэрнатыўнага фармату інфармацыйнай палітыкі і палітыкі памяці. І гэта ўсё тое, што тычыцца так ці інакш нацыянальнага адраджэння, падтрымкі ідэнтычнасці, і мы стараемся вельмі моцна падтрымліваць тыя арганізацыі, якія рухаюцца ў гэтым кірунку.
РР: Як па вашых назіраннях, ці змянілася беларуская нацыянальная ідэнтычнасць ў беларусаў у выгнанні і ў беларусаў, якія знаходзяцца ўнутры краіны?
Павел Баркоўскі: Па-мойму, паступова ўсё ж такі нарастае думка пра тое, што падтрымліваць нацыянальную ідэнтычнасць важна, быць беларусамі важна, размаўляць на нацыянальнай мове таксама важна, не проста бачыць у яе нейкую такую гістарычную каштоўнасць, як бабулін сервіз, які недзе пыліцца ў серванце, і з якога прынята толькі час ад часу працерці пыл, – а як сродак самаідэнтыфікацыі публічнага выказвання беларусаў.
На жаль, у самой Беларусі гэта цяпер не заўсёды бяспечна, але калі мы назіраем за тым, што адбываецца ў дыяспарах, то бачым, што нашмат павялічыўся працэнт людзей, якія публічна камунікуюць па-беларуску, якія робяць свае праекты па-беларуску, нават быў такі прэцэдэнт, калі расейскамоўны гурт «Петля пристрастия» выдаў беларускамоўны альбом.
Цалкам размова:
Беларускае Радыё Рацыя






