BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Павел Баркоўскі: Цудоўнае адчуванне – бачыць, што мы збіраемся разам

Маштабнае святкаванне Дня Волі адбылося ў Варшаве. Большая частка праграмы падзеі была вядомая яшчэ да пачатку (яна ўключала шэсце, мітынг і канцэрт). Аднак нечаканым для гасцей імпрэзы стала ўручэнне Аб’яднаным пераходным кабінетам медалёў выбітным дзеячам за падтрымку Беларусі. Пра ўзнагароды і святкаванне сённяшні Госць Рацыі – выконваючы абавязкі прадстаўніка па нацыянальным адраджэнні АПК Паўлам Баркоўскім – распавёў нашаму радыё.

РР: Якія думкі, адчуванні пасля падзеяў 23-га сакавіка, прымеркаваныя да Дня волі?

— Пачуццё гонару за тых людзей, якія выходзяць на вуліцы, нягледзячы на ўсе складанасці і пагрозы, з адчуваннем таго, што Беларусь жыве ў іх сэрцах.

Гэта сапраўды цудоўнае адчуванне – бачыць, што мы збіраемся разам, што нас яшчэ нямала, што мы можам прайсці нашы 330 метраў сцягам праз вуліцы Варшавы і паказаць палякам, што Беларусь жыве, і што беларусы вартыя падтрымкі ў сваім змаганні за свабоду.

РР: Што для вас стала самым сур’ёзным выклікам падчас падрыхтоўкі гэтага мерапрыемства?

— Найбольш сур’ёзным выклікам, безумоўна, было пераканаць беларусаў, што такія святы неабходныя. Што нават у цяжкія часы трэба святкаваць, збірацца разам, самому ўдзельнічаць у такіх падзеях і прыходзіць на іх. Бо гэта паказчык таго, што нацыя жыве, што яна не знікае, што ў нас ёсць тое, што нас аб’ядноўвае.

Такія святочныя дні, як 25 сакавіка, асабліва важныя – яны павінны нас яднаць.

РР: Падчас падзеі таксама былі ўручаны медалі. Што гэта за ўзнагароды?

— Было ўручана чатыры медалі. Пераважна гэта былі ўзнагароды за плённую працу на карысць Беларусі, але адзін з іх – медаль імя Францыска Скарыны – быў уручаны Міры Буршчэўскай, вядомай польска-беларускай мовазнаўцы, заснавальніцы беларускай службы Польскага радыё.

Таксама былі адзначаны тры сябры Беларусі з польскага боку – прафесары і гісторыкі Анджэй Рахуба, Анджэй Закшэўскі і Павел Казанэцкі. Яны ўнеслі значны ўклад у даследаванне і папулярызацыю беларускай гісторыі ў Польшчы, а таксама падтрымлівалі беларускі дэмакратычны рух.

Гэтыя ўзнагароды знайшлі сваіх герояў у Польшчы і паказваюць, што праца на карысць Беларусі – гэта ўжо не толькі беларуская справа, а міжнародная місія. І гэта можа толькі цешыць.

РР: Чаму вы вырашылі правесці ўзнагароджанне менавіта на Дзень Волі?

— Дзень Волі – гэта наша галоўнае нацыянальнае свята. Гэта дзень утварэння першай беларускай дзяржавы, і менавіта ў гэты дзень дарэчы ўручаць медалі. Ва ўсім свеце існуе традыцыя – на Дзень Незалежнасці або Дзень Волі адзначаць людзей, якія зрабілі нешта важнае для сваёй краіны.

Раней узнагароды звычайна ўручаліся ў сувязі з 9 жніўня (канферэнцыя Новай Беларусі) або на навагодніх падзеях, але 25 сакавіка – не менш значная дата ў нацыянальным календары.

РР: Ці плануецца працяг цырымоніі ўзнагароджання і ў будучыні?

— Так, безумоўна. Найбліжэйшая цырымонія адбудзецца ўжо 25 сакавіка ў Вільні. Таксама чакаем летніх уручэнняў.

Інфармацыя пра новых лаўрэатаў пастаянна з’яўляецца на каналах Аб’яднанага пераходнага кабінета. На жаль, не ўсе ўзнагароджаныя могуць атрымаць медалі публічна, бо некаторыя людзі знаходзяцца пад пагрозай рэпрэсій. Гэта трэба разумець і паважаць.

Але мы працуем над тым, каб кожны, хто зрабіў значны ўнёсак у развіццё Беларусі і яе міжнародны імідж, быў адзначаны і атрымаў прызнанне свайго народу.

РР: Як адбываецца працэс вызначэння намінантаў і пераможцаў? Хто галасуе?

Пры Аб’яднаным пераходным кабінеце існуе камісія па ўзнагародах. Гэта грамадская публічная камісія, у якую ўваходзяць вядомыя беларускія дзеячы, навукоўцы, культурныя асобы, а таксама людзі, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё Беларусі. Яны і вызначаюць лаўрэатаў.

Цалкам слухайце ў далучаным гукавым файле:

З выконваючым абавязкі прадстаўніка па нацыянальным адраджэнні АПК Паўлам Баркоўскім гутарыла Марына Савіцкая.

Беларускае Радыё Рацыя