BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Павел Баркоўскі пра канферэнцыю беларускай мовы і мовазнаўства ў Беластоку

Ініцыятыўная група беларускіх навукоўцаў і педагогаў у выгнанні анансавала правядзенне навукова-практычнай канферэнцыі пад назвай „Беларуская мова і мовазнаўства: стан, выклікі, практычныя захады“. Канферэнцыя пройдзе 28-29 чэрвеня ва Унівэрсітэце ў Беластоку ў супрацы з Цэнтрам беларускай культуры.

Вольга Сямашка пагутарыла з арганізатарам канферэнцыі, філосафам Паўлам Баркоўскім пра тое, якія мэты стаяць перад удзельнікамі беластоцкай канферэнцыі; хто можа далучацца да ўдзелу; што за Інстытут беларускай мовы будзе створаны падчас канферэнцыі; і наколькі мажліва зараз вяртанне факультэт беларусістыкі ва Універсітэт у Беластоку:

РР: Раскажыце, калі ласка, пра канферэнцыю, што запланаваная ў Беластоку з цікавай тэмай «Беларуская мова і мовазнаўства«. Хто быў ініцыятарам і чаго чакаць?

– Як і было сказана ў абвестцы, гэтая ініцыятыва ідзе перадусім ад тых людзей, што займаюцца вывучэннем беларускай мовы, якія маюць інтарэс, каб яна далей развівалася, папулярызавалася сярод беларусаў. Але яшчэ і стварэнне грамадскай арганізацыі за мяжой, як інстытут беларускай мовы, які б надалей мог займацца больш сістэмна гэтай працай, якую, на жаль, на сёння, не могуць даць тыя ўстановы, што ў Беларусі.

РР: Ці вядома, хто з удзельнікаў зарэгістраваўся?

– Першае, мы арганізуем канферэнцыю ў супрацы з Цэнтрам беларускай культуры ў Беластоку. То бок, з тымі беларусамі, што ствараюць даўнюю беларускую меншасць на Падляшшы. Другое, гэта робіцца на базе філалагічнага факультэта Беластоцкага ўніверсітэта, таму мы ангажуем тых, хто даўно там ёсць. Але выказалі зацікаўленасць і мажлівасць прыезду да імпрэзы вядучыя працаўнікі беларусістыкі, якія працуюць у замежных інстытуцыях. Прыкладам, Міраслаў Янковік з Прагі, Іна Каліта таксама адтуль; Радаслаў Калета з Варшаўскага ўніверсітэту; Лілія Плыгаўка з Вільні. Гэта досыць вядомыя асобы, плюс Вінцук Вячорка, як адзін з мовазнаўцаў-папулярызатараў. То бок тут досыць шырокі набор імёнаў. Спадзяёмся, што далучацца будуць не толькі навукоўцы, але і людзі, што займаюцца папулярызацыяй мовы.

РР: Ці ведаеце вы, што раней у Беластоцкім універсітэце была кафедра беларусістыкі. І яго цяпер няма, мясцовыя ўлады і кіраўніцтва кажуць пра тое, паколькі няма попыту на беларускую мову, то і няма такой галіны. Ці плануюць у часе канферэнцыі падымаць такое пытанне пра ўзнаўлення такой адукацыі? Як вы асабіста бачыце гэта? Ці можа прадстаўнікі ўніверсітэту пра гэта штось сказалі?

– Раней беларусістыка была больш прадстаўленая ў Беластоцкім універсітэце. Сёння яна, на жаль, абмежаваная адным аддзелам адной кафедры, якая даследуе беларускую гісторыю і культуру, а не мову. Але відавочна, такое пытанне будзе. Было б файна, каб у Беластоцкім універсітэце быў свой аддзел беларусістыкі. Мы гэтыя пытанні часам уздымаем, у кантакце з тым жа прафесарам Алегам Латышонкам, які непасрэдна лабіруе гэтыя пытанні на роўні Універсітэта. Але не так хутка ўсе гэтыя рэчы адбываюцца, таму мажліва гэта будзе адзін з тых крокаў, што паўплывае на тое, каб рэктарат змог прыняць адпаведнае рашэнне ў будучыні.

Цалкам слухайце ў далучаным гукавым файле

З «Госцем Рацыі» – арганізатарам навукова-практычнай канферэнцыі беларускай мовы і беларусістыкі ў Беластоку, філосафам Паўлам Баркоўскім, камунікавала Вольга Сямашка.

Зарэгістравацца для ўдзелу ў канферэнцыі і азнаёміцца з праграмай можна тут: https://instytutmovy.org/conference.html

Беларускае Радыё Рацыя