BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Павел Баркоўскі: Трэба падтрымліваць прадстаўнікоў адукацыі і культуры

Акцэнты на ролі культуры ў грамадстве ды пашырэнне дыялогу і міжнародных кантактаў. А таксама, як творцу атрымаць грошы з міжнародных фондаў і як іх скіраваць на сваё развіццё? Такія тэмы далей абмяркоўваем з нашым госцем. Павел Баркоўскі, намеснік прадстаўніцы па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага пераходнага кабінету, распавядае пра Дарожную мапу падтрымкі беларускай культуры на 2024 – 2026. З ім размаўляе наш карэспандэнт Улад Грынеўскі.

РР: Хацеў бы, каб вы распавялі пра канцэпцыю падтрымкі незалежнай культуры. У Брусэлі распрацавалі і прадставілі дарожную мапу падтрымкі беларускай культуры на 2024-2026 гады.

Павел Баркоўскі: Вельмі важная тэма, тычыцца яна падтрымкі беларускай культуры, якая, на жаль, у сябе на радзіме хутчэй зазнае пераслед, чым падтрымку. Прыкладна на што могуць спадзявацца беларускія незалежныя творцы? Гэта перадусім грошы з Еўропы ці Амерыкі, на якія яны маглі б ладзіць хаця б нейкія свае культурніцкія праекты. Вось часткай такой падтрымкі з’яўляецца падтрымка, якую аказвае беларускай супольнасці ў цэлым Еўрапейская камісія. Гэта адмысловыя гранты падтрымкі стратэгічныя, гранты ад Еўрапейскай камісіі, ад 27 краін Еўразвязу. З папярэдняга года гэтая падтрымка размяркоўваецца не толькі так, як думаюць і разглядаюць самі еўрапейскія палітыкі, але адбываецца і з кансультацыямі з беларускай супольнасцю, перадусім з прадстаўнікамі недзяржаўных арганізацый, і з гэтага года таксама з часткай палітычных сіл.

РР: Давайце ўдакладнім, хто ўвязаны ў гэты працэс – грамадскія арганізацыі, непасрэдна культурныя дзеячы і таксама еўрапейскія структуры і прадстаўнікі беларускай апазіцыі – Аб’яднаны пераходны кабінет. Ці яшчэ ёсць тут нейкія актары?

Павел Баркоўскі: Гэта асноўныя актары, каго вы пералічылі. Ёсць непасрэдна рабочыя групы, якія займаюцца стварэннем адмысловых дакументаў, дарожных мапаў па падтрымцы розных сфераў важных для беларускай супольнасці. У гэтыя групы ўваходзяць прадстаўнікі розных суб’ектаў. Гэта прадстаўнікі і грамадскага сектара, гэта і разглядаецца перадусім як падтрымка грамадзянскага сектару ў Беларусі. Але таксама там ёсць і прадстаўнікі профільных арганізацый – арганізацый культуры ці арганізацый адукацыі. Ёсць і прадстаўнікі палітычных сіл, у тым ліку кабінет, пра які вы згадалі, але перадусім гэта разглядаецца як падтрымка для беларускай супольнасці, а не для нейкай канкрэтнай палітычнай сілы альбо канкрэтнай арганізацыі. Гэта агулам грошы, якія еўрапейскія падаткаплацельшчыкі гатовыя выдзяляць на падтрымку дэмакратычных пераўтварэнняў у Беларусі, у тым ліку праз такія формы як культура, адукацыя, медыя і г.д.

У Брусэлі адбывалася сустрэча, на якой па-сутнасці беларуская дэлегацыя магла прадставіць сваё бачанне, якія асноўныя выклікі стаяць сёння перад беларускай дэмакратычнай супольнасцю, якія асноўныя праблемы нам даводзіцца вырашаць на шляху дасягнення нашых мэтаў. Галоўнае – якія прыярытэты мы можам вылучыць таго, што патрабуе найбольшай падтрымкі з боку Еўрапейскага звязу. Гэта, дарэчы, неабавязкова толькі фінансавая дапамога можа быць. Гэта можа быць і дапамога экспертная, гэта і суцэльная дапамога можа быць, якую мы атрымліваем ад адпаведных еўрапейскіх арганізацый, структур. Падтрымка праектаў, якія звязаныя з магчымасцю нейкіх рэзідэнцый ці іншай падтрымкі беларускай супольнасці, якая знаходзіцца ў цяжкіх умовах і мае шмат рэпрасаваных сяброў.

Калі казаць канкрэтна пра тыя мапы, якія былі прадстаўленыя, то непасрэдна я быў уключаны ў працу дзвюх рабочых груп, тых, хто займаліся пытаннямі адукацыі і культуры. Нам  у папярэднія гады, тым прадстаўнікам, якія працавалі яшчэ з 2022 года, удалося пераканаць еўрапейскіх чыноўнікаў, што трэба падтрымліваць не толькі наўпрост барацьбу на палітычным узроўні, але таксама трэба падтрымліваць такія важныя накірункі як адукацыя і культура, таму што яны не ў меншай ступені, а, можа, часам дзесьці больш уплываюць на працэсы пераўтварэння ў грамадстве.

Дакумент супольна распрацоўвалі арганізацыі грамадзянскай супольнасці і прадстаўнікі беларускай культуры. Падтрымліваць не толькі палітычныя праекты, але і культурныя – адна з канцэпцый, якой трымаюцца прадстаўнікі беларускай дэмакратычнай супольнасці.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя