Беларусы ў эміграцыі. Чым адрозніваюцца беларускія эмігранты ранейшай плыні ад цяперашняй? Як беларусы прыжываюцца на чужыне, што або хто ім дапамагае? Як захоўваюць беларушчыну?

На гэтыя пытанні адказвае госць Беларускага Радыё Рацыя Павел Шаўцоў, які з 96 года мінулага стагоддзя жыве ў Лондане і з’яўляецца адным з дырэктараў беларускай бібліятэкі Францыска Скарыны ў Лондане:
РР: Як вы трапілі ў бібліятэку на гэтую пасаду? Ці вы стваралі, ці ўкладвалі нейкія сродкі для стварэння гэтай бібліятэкі?
— Мая першая пасада была — пыласосіць бібліятэку. Гэта было яшчэ калі я быў студэнтам, мяне запрасіў Айцец Аляксандр Надсан дапамагчы з бібліятэкай. Пачалося з пыласосання. З тых часоў я зрабіў там кар’еру і ў 99-м годзе мяне Айцец Надсан, — гэта адзін са стваральнікаў беларускай бібліятэкі, — на пасаду дырэктара. Калі я прыехаў у Брытанію, у сярэдзіну 90-х, тады яшчэ бібліятэка кіравалася заснавальнікамі бібліятэкі, акрамя Айца Надсана, яшчэ там былі брытанцы. На жаль, тыя людзі ўжо па большасці адышлі ад нас і вось цяпер бібліятэка кіруецца пакаленнем 90-х, як называюць — тыя беларусы, што прыехалі ў Брытанію ў 90-я гады і перанялі гэты ўнікальны скарб беларускасці, які заснавалі нашыя папярэднікі. Калі бібліятэка была заснаваная, я яшчэ не нарадзіўся, але мы перанялі ад папярэдняга пакалення. Гэта адзін з паспяховых прыкладаў, калі скарбы, што ствараліся паваеннай эміграцыяй, маглі перадацца новым пакаленням. Бо былі рэчы, што на жаль, зніклі. Нават у Брытаніі былі клубы, у рэгіёнах Брытаніі, дзе не было новай эміграцыі беларускай, яны проста зачыніліся, папрадаваліся і зніклі. А ў Лондан заўжды прыязджала багата беларусаў, і вось на шчасце, гэты ўнікальны цэнтр захаваўся.
РР: Як вы трапілі з Беларусі? Вы ж нарадзіліся ў Беларусі?
— Так, так, я нарадзіўся ў Беларусі, але пасля паехаў вучыцца, працаваць у вялікі Лондан. Па адукацыі я праўнік, юрыст.
РР: Там заканчвалі?
— Так, я вучыўся і ў Беларусі, і там, у Лондане. У Лондане збіраецца шмат, я б назваў, тэхнакратычнай беларускай інтэлігенцыі. Можа, не так шмат культурнай інтэлігенцыі, але вельмі шмат тэхнакратычнай. Гэта людзі, якія працуюць у брытанскіх фінансавых структурах, бугалтарамі, праўнікамі, банкірамі, айцішнікамі. Такіх людзей там вельмі шмат.
РР: Што вы скончылі там?
— Я скончыў юрыдычны факультэт у Беларусі, а пасля ў Лондане перакваліфікаваўся на мясцовага праўніка. І працаваў у юрыдычнай фірме да цяперашняга часу.
РР: У 90-я гады вы ўжо зразумелі, што трэба з’язджаць? Ці гэта было па іншых прычынах?
— Я з’ехаў, бо было вядома, куды ўсё коціцца. Калі тады казалі, што гэта сур’ёзна і надоўга, я паверыў, што гэта можа быць так. Былі прафесійныя прычыны, але галоўнае так. І калі я вучыўся, было ўсё зразумела. Бо ўжо прайшоў 1996 год, калі была апошняя спроба, імпічмент і ўсё гэтае. Далей было зразумела, што там нічога добрага не будзе на шматлікія гады, з майго пункту гледжання. І таму так.
Цалкам слухайце ў далучаным гукавым файле:
З госцем Беларускага Радыё Рацыя Паўлам Шаўцовым адным з дырэктараў беларуская бібліятэкі Францыска Скарыны ў Лондане размаўляла наша карэспандэнтка Аліна Андрыевіч.
Беларускае Радыё Рацыя