Пад Беластокам завяршыўся вялікі фестываль “Тутака”. Што адметнага адбылося на падзеі? Як змяніліся акцэнты оўпэн-эйру ў параўнанні з папярэднімі гадамі? Што азначае прыезд дэмакратычнай лідаркі Святланы Ціханоўскай на імпрэзу? Пра гэта і не толькі – у размове Госця Рацыі, суарганізатара “Тутакі” Паўла Станкевіча з нашай карэспандэнткай Марынай Савіцкай.

РР: Чым адметны для цябе быў сёлетні фэст «Тутака»?
Павел Станкевіч: Больш маштабны, больш салідарна. Цяжкая праца, якая недзе напрыканцы дае задавальненне.
РР: На якія пляцоўкі зрабілі акцэнты ў гэтым годзе перад тым як толькі-толькі запусцілі імпрэзу?
Павел Станкевіч: Мы адразу разлічвалі, што будзе цікавая наша зона, якая ад пачатку разглядалася каб “пачыліць”. Аддалі гэтую зону на выбар усім. І яе зрабілі вельмі класна, мне падаецца, што кожны, які туды зайшоў, то яму «зайшло» і спадабалася. Але нам таксама была патрэбна другая зона. І мы зрабілі другую і там павесілі гамакі. Там яшчэ панавешвалі «павукоў». Атрымалася класная кропка. Па-шчырасці, я быў не ўпэўнены, не да канца разумеў, ці яна спрацуе. Хацелася зрабіць такія кропкі даўно, але не было як гэта падрыхтаваць. А тут беластоцкія хлопцы стварылі сабе Беластоцкі музычны клуб. І яны сказалі, што хочуць арганізаваць такую кропку, каб кожны, хто захоча выступіць, можа гэта зрабіць. І гэтая пляцоўка атрымалася вельмі класная. І такім чынам атрымалі трэцюю сцэну на фэсце.
РР: Распавядзі, калі ласка, пра музыкаў, якія ў гэтым годзе далучыліся да падзеі?
Павел Станкевіч: Мне было цікава, што атрымаецца з нашага праекту. Мы спалучылі Валерыю Далей з Фада, стварылі такую клабарацыю. Далі ім песні падляшскіх беларусаў, якія былі запісаныя Сцяпанам Копам. І нам было вельмі цікава, што з гэтага адбудзецца. Валерыя выдатная артыстка. Яна адразу сказала, што «ок, я выбіраю сабе песні, але тэксты напішу нанова». Мне падаецца, атрымалася класна. Ну і нашыя падляшскі зоркі, якія засталіся агульнабеларускімі зоркамі, маю на ўвазе Sw@da і Niczos. Я сам вельмі чакаў гэты канцэрт. Для мяне было вельмі важна, паказаць гэтую падляшскую адметнасць, падляшскую частку беларускай культуры. Ну і вядома РСП – гэта ўжо амаль класіка. Ні і Аляксандр Памідораў, “Крама”, YAŪGEN, ZUI, SOŽ – зусім новы праект, :B:N:, luty sakavik. Ну і выдатны пост-панк Syndrom Samazvanca. І іншыя.
РР: Не першы год на імпрэзу прыязджае Святлана Ціханоўская. Што для вас менавіта азначае гэты прыезд?
Павел Станкевіч: Не хочам быць проста музычным фестывалем. Мы хочам быць фестывалем, які паказвае аб’ем беларускіх спраў, беларускай культуры. Вядома, цяпер мы моцна звязаныя з палітыкай. І гэтай палітыкі ніяк не пазбегчы. Мы хочам ствараць атмасферу, што міма розных рэчаў, па якіх мы можам не пагадзіцца, тут мы яднаемся, і гэта не проста словы. Таму прысутнасць Святланы, як лідаркі дэмакратычных сіл, тут не выпадковая.
Цалкам размова:
Нагадаем, фэст “Тутака” сёлета ладзіўся 3 дні.
Беларускае Радыё Рацыя