BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Перакладчык твораў лужыцкіх сербаў і кашубаў

22 верасня спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння пісьменніка, перакладчыка, крытыка і публіцыста Алеся Траяноўскага (1925-2005).

Каля вёскі Буда Грэская Слуцкага раёна ёсць урочышча Уздымач, у якім некалі стаяла леснічоўка. Там у сям’і лесніка пачаўся жыццёвы шлях беларускага пісьменніка Алеся Траяноўскага. Да пачатку Другой сусветнай вайны ён паспеў скончыць Буда-Грэскую пачатковую і Шышчыцкую сямігадовую школы і тры месяцы папрацаваць сакратаром следчага аддзела пракуратуры Менскай вобласці. З пачаткам акупацыі Беларусі гітлераўскімі захопнікамі пайшоў у партызаны і амаль два гады змагаўся супраць ворага ў складзе атрада імя Чапаева партызанскай брыгады 27-й імя Чапаева, якая дзейнічала на акупіраванай тэрыторыі Грэскага, Капыльскага, Нясвіжскага, Клецкага раёнаў.

У 1944 годзе Алесь Траяноўскі ўдзельнічаў у партызанскім парадзе ў Менску. Потым ваяваў на Трэцім Беларускім і Трэцім Украінскім франтах, быў двойчы паранены, меў баявыя ўзнагароды.
Пасля дэмабілізацыі ў 1946 годзе Алесь Траяноўскі працаваў у Менскім абласным Доме народнай творчасці, абласным і рэспубліканскім камітэтах Добраахвотнага таварыства садзейнічання арміі, авіяцыі і флоту, у іншых установах. У 1959 годзе завочна закончыў Маскоўскі гісторыка-архіўны інстытут. У 1955–1962 гадах быў літсупрацоўнікам шматтыражнай газеты «Западная трасса» Беларускага ўпраўлення грамадзянскай авіяцыі, потым на працягу 20 гадоў – літсупрацоўнік, загадчык аддзела літаратуры і мастацтва газеты «Звязда», у 1983–1986 гадах – намеснік галоўнага рэдактара часопіса «Мастацтва Беларусі».

Як пісаў Алесь Жук, «не адно пакаленне беларускіх паэтаў і празаікаў з удзячнасцю ўспамінае Алеся Пятровіча, з блаславення якога іхнія творы бачылі свет на старонках старэйшай і шаноўнейшай беларускай газеты «Звязда». Улюбёны ў літаратуру, мастацтва, знаток беларускай гісторыі, Алесь Пятровіч шчыра дзяліўся ведамі з аўтарамі намнога маладзейшымі, ім перадаваў сваё захапленне беларускасцю, Беларуссю. Знаёмства і сяброўства з Алесем Траяноўскім стала вялікай школай адкрыцця саміх сябе, усведамленнем саміх сябе, далучэннем да Бацькаўшчыны для многіх тады пачынаючых пісьменнікаў. Я ўжо не гавару пра тых, хто працаваў з ім непасрэдна, хто вучыўся няпростай і нялёгкай рэдактарскай рабоце».

На фота: Алесь Траяноўскі і Алесь Жук

Творчую дзейнасць Алесь Траяноўскі пачаў у 1957 годзе артыкуламі на літаратуразнаўчыя тэмы ў перыядычным друку. У 1960 годзе ў часопісе «Бярозка» апублікаваны першыя яго пераклады чэшскіх народных казак «Вугальшчык і мядзведзь», «Вучоны кум». Асаблівую цікавасць у Алеся Траяноўскага выклікалі літаратуры лужыцкіх сербаў і кашубаў. Ён – адзін з укладальнікаў і перакладчыкаў, аўтар прадмовы і каментарыяў да анталогіі паэзіі лужыцкіх сербаў «Там, дзе Шпрэвя шуміць» (1969). У яго перакладах на беларускую мову выдадзены анталогія кашубскай паэзіі «За даляглядам край Сталемаў», аповесць Ю. Брэзана «Чорны млын» (1984), зборнік украінскай паэзіі «Імем няўмольнай свабоды» (2003)”Кобза і меч” Аляксандра Олэся. За пераклады кашубскай паэзіі ў 1976 годзе перакладчык  стаў лаўрэатам прэміі Сталема.

Алесь Траяноўскі пераклаў з украінскай мовы на беларускую, з польскай – апавяданні А. Лаймінг, гумарэскі Ф. Дарэцкага, Я. Асэнкі і іншых аўтараў. Да таго ж ён перакладаў не з падрадкоўнікаў, не выпадковых аўтараў, не па заказу. На думку Віктара Карамазава, Алесь Траяноўскі не проста перакладаў, а «даследаваў душу, духоўныя і маральныя крыніцы народаў, лёс якіх быў блізкі лёсу беларусаў».

Пераклады Алеся Траяноўскага былі надрукаваны ў калектыўных зборніках «Далягляды», «Ветразь», «Дзень паэзіі», перыядычных выданнях. Ён уклаў анталогію беларускага апавядання «Дзівак з ганчарнай вуліцы» (выдадзена ў Германіі на верхнялужыцкай мове), падрыхтаваў энцыклапедычныя артыкулы «Сербалужыцкая літаратура і Янка Купала», «Сербалужыцкая літаратура». Алесь Траяноўскі пісаў і вершы, якія былі змешчаны ў рэспубліканскай перыёдыцы. А ў 2006 годзе выйшла з друку кніга Алеся Траяноўскага «Дні – як лукі» з аўтарскай падборкай «Мой Уздымач». У кнізе змешчаны яго абразкі, успаміны, пераклад на беларускую мову вершаў украінскага паэта Маркі Баяслава. Ён, па словах паэта Сяргея Панізьніка, быццам сын пра бацьку, паклапаціўся, каб «шчыры, сардэчны наробак Алеся Пятровіча вярэдзіў нашы душы, напінаў, як цеціву лука, нашы думы і доўжыў памяць пра чалавека-творцу». Такую вось літаратурную спадчыну нам пакінуў Алесь Траяноўскі.

Беларускае Радыё Рацыя