Беларускі ПЭН разам з тэлеканалам «Белсат» і Музеем Вольнай Беларусі запрашаюць на цырымонію ўзнагароджання пераможцы прэміі Анемпадыстава за найлепшую кніжную вокладку.
Прэмія заснавана ў 2019 годзе ў памяць пра чалавека многіх талентаў – мастака, паэта, фатографа, дызайнера, публіцыста, культуролага Міхала Анемпадыстава, які пайшоў з жыцця шэсць гадоў таму.
Цырымонія адбудзецца 7 траўня ў Варшаве, у Музеі Вольнай Беларусі, пачатак а 18:00. Тады будзе абвешчаны аўтар ці аўтарка найлепшай вокладкі для кнігі, выдадзенай у 2022 годзе.
Спецыяльны госць цырымоніі – Лявон Вольскі з песнямі на вершы Міхала Анемпадыстава.
Сёлета да фінальнага этапу прэміі дайшло 8 вокладак, абраных у кароткі спіс прафесійным журы:
-Выдавецтва «Вясна» – вокладка кнігі Альгерда Бахарэвіча «Вершы»
-Анатоль Лазар – вокладка кнігі Янкі Купалы «Выбранае»
-Анатоль Лазар – вокладка кнігі Васіля Быкава «Знак Бяды»
-Яна Галушкіна, VEHA – вокладка кнігі VEHA «Людзі Лесу / Ludzi Lesu»
-Кацярына Пікірэня – вокладка кнігі Ганны Комар «Мы вернемся»
-Кацярына Пікірэня – вокладка кнігі Вальжыны Морт «Песні для мёртвых і ўваскрэслых»
-Кацярына Пікірэня – вокладка кнігі Макса Шчура «Там, дзе нас няма»
-Юлія Лар’янава, Таня Скарынкіна – вокладка кнігі Тані Скарынкінай «YESМАМОЧКА»
Падрабязней пра кароткі спіс і саму прэмію.