BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Перавыдалі скандальную кнігу Алега Бембеля пра беларускую мову

Згуртаванне беларусаў у Вялікай Брытаніі выпусціла з друку другое выданне кнігі Алега Бембеля “Роднае слова і маральна-эстэтычны прагрэс”. Новае выданне, якое выходзіць пад рэдакцыяй Наталлі Гардзіенкі, уключае адмысловыя каментары і водгукі тых, хто чытаў гэтую кнігу ў 1980-х.

На мяжы 1970—1980-х гадоў супрацоўнік Інстытута філасофіі і права Акадэміі навук БССР Алег Бембель для сваёй дысертацыі зрабіў апытанне сучаснікаў, што яны думаюць пра беларускую мову, яе стан і перспектывы. Адказы сабраў у кнігу, дадаў ўласныя разважанні, паслямову Уладзіміра Караткевіча, але выдаць у Беларусі не было шанцаў. У 1985 годзе, дзякуючы намаганням Аляксея Каўкі, які памёр у сакавіку 2024 года і Юрыя Туронка, рукапіс трапіў на Захад і быў выдадзены Згуртаваннем беларусаў у Вялікай Брытаніі.

У тэарэтычнай частцы сваёй працы Бембель сцвярджаў, грунтуючыся на прынцыпах экалогіі культуры, што ва ўмовах узмацнення маральнай і эстэтычнай паўперызацыі чалавека яго родная мова, як найбольш універсальнае і цэльнае выражэнне этасу і эстэтыкі народу, можа і павінна стацца магутным сродкам адраджэння і захавання духоўнасці чалавека. Таксама ў працы востра крытыкаваліся савецкая моўная палітыка і адмоўна ацэньвалася дзейнасць дзеячаў культуры, адказных за ахову беларускае мовы.

Пасля выхаду кнігі Алег Бембель быў рэпрэсаваны: выключаны з КПСС (1986) і звольнены з Інстытуту філазофіі і права, а аддзел эстэтыкі і псіхалогіі, дзе ён працаваў, быў расфармаваны. Ва ўстановах навукі і культуры збіраліся сходы дзеля «асуджэння» яго дзейнасці.