14 чэрвеня спаўняецца 125 гадоў з дня нараджэння славутага беларускага спевака Міхася Забэйды-Суміцкага (1900-1981).

Міхась Забэйда-Суміцкі, 1972 год.
Беларусь і беларусы заўсёды ганарыліся Міхасём Забэйдам-Суміцкім (1900-1981), голасам якога ў ХХ стагоддзі захаплялася ўся Еўропа, першым беларусам, што спяваў на сцэне «Ла Скала».
Нарадзіўся Міхась Забэйда-Суміцкі ў вёсцы Шэйпічы, непадалёку ад мястэчка Ружаны. Яго бацька Іван Забэйда і маці ў дзявоцтве Суміцкая вельмі цудоўна спявалі. Вучыўся Міхась ў Зельзінскай школе, а потым у Галоўчыцкім царкоўна-прыходскім вучылішчы.
У 1914 годзе юнак паступіў у Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю. З наступленнем немцаў семінарыю эвакуіравалі ў Пензу, потым у Смаленск. Скончыўшы ў 1918 годзе семінарыю, Міхась Забэйда паехаў у Сібір (Барнаульскі павет) да маці, куды яна трапіла з бежанцамі, працаваў настаўнікам. У 1920 годзе ён апынуўся ў Харбіне. Тут сістэматычна пачаў працаваць над пастаноўкай голасу. А спяваць любіў з дзіцячых гадоў. Адначасова хлопец пачаў вучыцца на эканамічным аддзяленні Харбінскага ўніверсітэта. Ён становіцца салістам Харбінскай оперы. Выступленні беларуса карысталіся поспехом.

Дыск з песнямі.
У 1932 годзе Міхась Забэйда-Суміцкі здзяйсняе сваю мару, ён прыязджае ў Італію і працуе ў Міланскай оперы. На сцене «Ла Скала» выконвае вядомыя тэнаравыя партыі. Яго ўсё часцей запрашаюць выступаць у розных канцэртах. У 1934 годзе спявак, ужо здабыўшы сабе славу, пакідае Італію. Ён едзе да хворай маці ў Шэйпічы.
Першы яго канцэрт на радзіме адбыўся ў Ружанах. Асабліва захапленне ў слухачоў выклікала матчына калыханка. У 1935 годзе спявак пераязджае ў Варшаву і працуе салістам Варшаўскага радыё. Яго выступленні ахвотна трансліруюць Парыж, Лондан, Прага, Нью-Ёрк і іншыя радыёстанцыі свету. У 1936 годзе беларус спявае ў Вільні, знаёміцца тут з Рыгорам Шырмам, Максімам Танкам ды іншым беларускімі дзеячамі. З канцэртамі тройчы наведаў Слонім, спяваў у Ружанах, Баранавічах, Брэсце і Беластоку.
На 18-мовах свету гучалі песні славутага спевака, аднак беларускія народныя песні, матчыны песні, нязменна прысутнічалі на ўсіх яго канцэртах, дзе б яны ні праходзілі.

У 1939 годзе планавалася турнэ не толькі па Еўропе, але і па Амерыцы. Перашкодзіла Другая сусветная вайна, якая застала Забэйду-Суміцкага ў Варшаве. У 1940 годзе ён пераязджае ў ціхую, сонечную Прагу. Нямецкае гестапа двойчы рабіла наезды на спевака. Дзякуй Богу, абышлося ўсё добра.
Пасля вайны Міхась Забэйда-Суміцкі жыў у Празе, увесь час насіў надзею вярнуцца на Радзіму, рабіў захады, каб пераехаць на сталае жыхарства ў Менск. Але беларускае кіраўніцтва згоды не дало.
І ўсё ж у 1963 годзе Міністэрства культуры запрасіла спевака ў Беларусь, але толькі на гастролі. З канцэртамі ён выступаў у Менску, Гародні, Ваўкавыску, Слоніме, Лідзе, Баранавічах, Віцебску, Магілёве, Гомелі, Пінску, Брэсце. Спявак быў вельмі ўсцешаны сустрэчамі з землякамі, іх цёплым прыёмам.

Яўгенія Янішчыц і Міхась Забэйда-Суміцкі.
Беларуская прагрэсіўная інтэлігенцыя падтрымлівала ўвесь час сяброўскія сувязі са сваім земляком. Сярод іх былі Рыгор Шырма, Аляксей Гардзіцкі, Янка Брыль, Уладзімір Караткевіч, Алег Лойка, Сяргей Грахоўскі, Пятро Сергіевіч, Зоська Верас і многія іншыя.
21 снежня 1981 года Міхася Забэйды-Суміцкага не стала. Яго пахавалі на могілках у далёкай Празе. На магіле стаіць помнік з надпісам, дзе ёсць словы на чэшскай і беларускай мовах: «Жыў песняй і песняй даваў радасць людзям».
Беларускае Радыё Рацыя