У Беластоцкім цэнтры культуры, у межах Міжнароднага фестываля фотаздымкаў INTERPHOTO 2024, адкрылася выстава “Спаць спакойна”, якая прадстаўляе дакументальны праект фатографа Пятра Вуйціка і журналісткі Ірыны Арахоўскай з партрэтамі беларусаў, якія знайшлі прытулак у Польшчы. Вольга Сямашка пагутарыла з удзельнікамі беларуска-польскага творчага тандэма пра тое, ці змагла выстава вярнуць адчуванне Беларусі пасля 2020 года, пра якую казаў увесь свет, і як фотаздымак можа паказаць беларускіх мігрантаў і стаць лекам для іх жа.
РР: Пару словаў пра вашую выставу. Яна, напэўна, не першы раз экспануецца, але першы раз у Беластоку.
Ірына Арахоўская: Так, сапраўды, першы раз у Беластоку. Я пачну з самага пачатку. Калі я прыехала ў Польшчу, то была вольным слухачом у Лодзкай школе па фатаграфіі і відэа, і там Пётр быў маім выкладчыкам па рэпартажнай фатаграфіі. А ў Беларусі я таксама займалася рэпартажнай фатаграфіяй, таму спадзяюся, што была лепшай вучаніцай. Пётр стаіць побач, спадзяюся, ён гэтага не разумее, таму не будзе казаць. Пасля таго, як скончыла навучанне, Пётр прапанаваў зрабіць праект пра беларусаў у Польшчы, якія прыехалі пасля 2020 года.
РР: Спадар Пётр ківае галавой, так, сапраўды, Ірына была і застаецца лепшай вучаніцай.
Пётр Вуйкік: То праўда. Найлепшая вучаніца з Беларусі.
Ірына Арахоўская: Мы ўсё рабілі ў Польшчы, бо рабілі пасля 2020 года. На жаль, ні я, ні нашыя героі не маглі паехаць у Беларусь. Таму ўсе фотаздымкі тут прадстаўленыя — гэта партрэты і жыццё нашых герояў у Польшчы.
РР: Ці вы, спадар Пётр, памагалі Ірыне ў стварэнні такіх фотавобразаў, тэкстаў. Можа, рабілі нейкія падказкі, можа ёсць нейкія спецыяльныя рэчы ў візуальным мастацве, апісанні, якія больш характэрныя для Польшчы?
Пётр Вуйкік: Гэта выглядала так: я прапанаваў Ірыне, каб мы разам зрабілі праект пра беларусаў, што ў Польшчы. Ірына не хацела пагаджацца, але ў рэшце мне ўдалося яе пераканаць. Яна хацела трошкі адпачыць і заняцца іншымі рэчамі. Але ўдалося яе пераканаць, каб мы селі разам за беларускую тэму і нешта прыдумалі, нешта зрабілі. Урэшце Ірына пагадзілася і стала маёй правадніцай у свеце беларусаў у Польшчы, тых беларусаў, якія з палітычных прычын былі вымушаныя пераехаць у Польшчу пасля 2020 года. Яна паказала мне іх свет і дала магчымасць сфатаграфаваць іх, а сама запісала іх гісторыі.
РР: Гэта цікава, наколькі проста беларусы даваліся на такія інтэрвію, ці хавалі свае імёны, ці можа быць, нейкія факты не раскрывалі, і агулам, як адбывалася фотасесія ў такіх умовах?
Ірына Арахоўская: Я падкрэслю важны момант: я рабіла тэксты, гісторыі, а Пётр рабіў фатаграфіі. Спачатку нам было вельмі проста знайсці герояў, але з тым, як рэпрэсіі ў Беларусі набіралі абароты, людзі адмаўляліся, не хацелі, бо ў нас сем’і ў Беларусі. Вядома, усе баяліся,страх не мае межаў. У канцы стала складана знайсці герояў. Усе нашы героі з прозвішчамі і тварамі — мы выбралі тых, хто не хаваўся. Але, вядома, некаторыя факты людзі не хацелі раскрываць з мэтаў бяспекі.
РР: Пытанне да спадара Пётра. Калі вы рабілі здымкі беларусаў у выгнанні фактычна, на што вы звярталі ўвагу, і можа быць, так вылучалі, нейкая пастава цела, выраз твару, позірк вачэй. Што можа быць такое больш характэрнае для ўсіх беларусаў?
Пётр Вуйцік: Для мяне ў фатаграфіі галоўнае — эмоцыі, і я стараўся ўлавіць эмоцыі гэтых людзей, якія спрабуюць уладкаваць сваё жыццё ў Польшчы. Гэта было ключавым момантам для мяне, і я шукаў спосаб паказаць іх жыццё як мага прасцей, у рэпартажным стылі, каб наблізіць іх побыт, паказаць, як яны даюць раду і як функцыянуюць тут. Хтосьці паўплываў на іхнія жыцці, прымусіў іх прыехаць у Польшчу і ўцячы са сваёй краіны. І тое, што адбываецца ў нашай краіне, таксама ўплывае на тое, як яны могуць ладзіць тут сваё жыццё. З аднаго боку, яны спрабуюць знайсці кавалачак нармальнасці, і ў адных гэта ўдаецца лепш, у другіх — горш. Але мяне вельмі ўразіла тое, наколькі яны трывалыя, і як, нягледзячы на тое, што сітуацыя для іх далёкая ад ідэальнай (бо ў Польшчы мы яшчэ вучымся жыць і быць побач з мігрантамі), яны выдатна спраўляюцца.
Цалкам слухайце ў далучаным гукавым файле:
З „Госцямі Рацыі” — аўтарамі дакументальнай выставы „Спаць спакойна“ — фатографам Пятром Вуйцікам і журналісткай Ірынай Арахоўскай, камунікавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя