BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Пісала для дзяцей цудоўныя творы

1 лістапада спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння беларускай дзіцячай пісьменніцы Клаўдзіі Каліны (1925-1994).

Клаўдзія Каліна нарадзілася 1 лістапада 1925 года ў вёсцы Блювінічы Берасцейскага раёна ў сям’і вясковага настаўніка Канстанціна Беляўца. Гадавалася ў атмасферы шанавання роднага беларускага слова, народных песень і традыцый. Скончыла польскую сямігадовую школу (1932–1939), затым Чарнаўчыцкую сярэднюю школу. У гады Другой сусветнай вайны жыла з бацькамі, пазбегла вывазу на прымусовыя работы ў Германію.

З дзяцінства Клаўдзія Каліна захаплялася маляваннем, таму пасля вайны паступіла ў Кіеўскае мастацкае вучылішча, дзе правучылася два гады. З-за цяжкага матэрыяльнага становішча вярнулася на радзіму. Тады вырашыла рэалізаваць сябе ў музыцы, бо вельмі любіла спяваць, як яе маці, Надзея Данілаўна.

У 1953 годзе Клаўдзія Каліна закончыла Берасцейскае музычнае вучылішча, працавала інструктарам мастацкай самадзейнасці ў Берасцейскім доме афіцэраў, настаўніцай спеваў і тэорыі музыкі ў Кобрынскай дзіцячай музычнай школе, настаўніцай спеваў у СШ № 3 г. Віцебска.

Выйшла замуж за музыканта Яўгена Лукашэвіча, аднак, сямейнае жыццё не склалася, і ў 1960 годзе жанчына пераехала ў Менск, дзе да 1977 года працягвала працаваць па спецыяльнасці. Яна цудоўна іграла на гітары і піяніна, хораша спявала, прыгожа малявала. Прыдумвала казкі для маленькай дачкі Ірынкі.

З першымі літаратурнымі творамі Клаўдзія Каліна выступіла ў 1962 годзе — у часопісе «Вясёлка» было надрукавана апавяданне «Калючы госць». А першая кніга Клаўдзіі Каліны «Хлопчык Пакідайчык» (1969) засведчыла, што пісьменніца добра ведае дзіцячы свет, умее стварыць займальныя сюжэты.

Аповесці «Забароненая песня» (1972) і «Світанак» (1979) былі прысвечаны тэме Заходняй Беларусі. У «Забароненай песні» пісьменніца праўдзіва паказана жыццё дзяцей ва ўмовах польскай акупацыі. У цэнтры твора дзяўчынка Кася і яе сябры, праз вобразы якіх пісьменніца адлюстравала рэальную атмасферу часоў свайго дзяцінства. Ажылі, шматколерна зазіхацелі апісанні беларускіх народных свят, абрадаў, звычаяў.

У кнізе апавяданняў і аповесцей «Маці і сын» (1977) вырашаюцца складаныя маральныя праблемы. Тэме вайны прысвечаны аповесці «Крылаты конь» і «Бурштынавыя пацеркі». У вобразах герояў гэтых твораў увасоблены высокі маральны дух народа, што з асаблівай сілай выявіўся ў ваеннае ліхалецце.

У 1975 годзе Клаўдзія Каліна была прынята ў Саюз пісьменнікаў СССР. З друку выйшлі яе кнігі «Світанак» (1983), «Бабуля Насця, дзед Адам, Петрык і каза Рагуля» (1985), «Крылаты конь» (1989), «Першы раз у першы клас» (1994).

Фарміраванне характару дзіцяці ў вясковых умовах, дзе яно расце ў натуральнай залежнасці ад прыроды, ад ладу народнага жыцця з яго ўстойлівымі маральнымі прынцыпамі, паказана ў аповесці «Бабуля Насця, дзед Адам, Петрык і каза Рагуля». Аповесць напісана займальна, з глыбокім пранікненнем ва ўнутраны свет дзяцей.

Клаўдзія Каліна была пісьменніцай чуйнай да праўды, да стыхіі народнага жыцця, да гучання роднай мовы. У цяжкія хвіліны жыцця яна шмат пісала, малявала беларускую прыроду, яркія нацюрморты, якія дарыла сябрам. У Доме літаратара адбылася выстава яе карцін і малюнкаў. Яна была ўвасабленнем дабрыні, клапацілася аб чужых, хворых людзях (мела здольнасці народнай лекаркі). Рабіла ўсё ад шчырага сэрца за шчырае «дзякуй».

Нечаканая хвароба не дазволіла здзейсніць усё задуманае. Пісьменніца доўга і цяжка хварэла і памерла 25 чэрвеня 1994 года. Творы Клаўдзіі Каліны сёння зрэд часу з’яўляюцца ў калектыўных выданнях для дзяцей.

Беларускае Радыё Рацыя