BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Пісала казкі і лібрэта опер

26 жніўня спаўняецца 90 гадоў з дня нараджэння пісьменніцы і перакладніцы Святланы Клімковіч (1935-2001).

Cвятлана Клімковіч нарадзілася ў сям’і беларускага пісьменніка Міхася Клімковіча. Скончыла аддзяленне беларускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працавала карэктарам, літработнікам, адказным сакратаром газеты “Голас Радзімы”, літсупрацоўнікам газеты “Літаратура і мастацтва”, рэдактарам у часопісе “Народная асвета”, рэдактарам рэдакцыі праграм для моладзі на Беларускім тэлебачанні. У 1977—1990 гадах была адказным рэдактарам бюлетэня “Тэатральны Мінск”.

Святлана Клімковіч пачала друкавацца з 1958 года. Пісала апавяданні, нарысы, казкі, тэатральныя рэцэнзіі, артыкулы. Асобным выданнем выйшла казка “Лалі-Лаль” (1974 г.), на аснове якой былі створаны тэле- і радыёспектаклі. Аўтар п’ес “Дар ляснога цара”, “Балада пра белую вішню”, “Гаўрошы Брэсцкай крэпасці”, “Казка пра цара Юрыка і каваля Рымшу”, “Вясновая песня”. Напісала лібрэта опер “Дзікае паляванне караля Стаха” (пастаўлена ў 1989 г.) і “Францыск Скарына” (пастаўлена на Беларускім тэлебачанні ў 1990 г.).

Святлана Клімковіч зрабіла пераклад з польскай мовы, рэстаўрацыю і сцэнічную рэдакцыю оперы XVIII стагоддзя “Апалон-заканадаўца, альбо Парнас рэфармаваны” (апублікавана і пастаўлена ў 1989 г.).

У апошнія гады жыцця Святлана Клімковіч працавала рэдактарам у часопісе “Пачатковая школа”, на старонках якога апублікавала шэраг казак для дзяцей.

Беларускае Радыё Рацыя