28 жніўня спаўняецца 90 гадоў з дня нараджэння Змітро Бяспалага (1934-1999) – беларускага пісьменніка, аўтара анімалістычных казак, апавяданняў і нарысаў.

Змітро Бяспалы нарадзіўся ў вёсцы Вялікі Бор Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям’і.
У 1956 годзе ён скончыў Рэчыцкі землеўпарадчы тэхнікум. Працаваў землеўпарадчыкам у Гарадзенскай вобласці. Служыў у Савецкай Арміі. Пасля дэмабілізацыі (1958) паступіў на аддзяленне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, які скончыў у 1963 годзе. Адначасова працаваў у часопісе «Вожык» – супрацоўнікам, намеснікам рэдактара аддзела фельетонаў.
З 1972 года Змітро Бяспалы быў адказным сакратаром інфармацыйна-метадычнага бюлетэня «Родная прырода», а з 1977 года, пасля рэарганізацыі бюлетэня ў часопіс, быў яго галоўным рэдактарам.
Першае гумарыстычнае апавяданне з’явілася ў друку ў 1963 годзе. Змітро Бяспалы выдаў зборнікі гумарыстычных апавяданняў «Сякера пад лаваю» (1970), «Ад варот паварот» (1977). Для дзяцей напісаў кнігі аб прыродзе Беларусі «Лясныя хітруны» (1969; дапоўненае выданне ў 1986), «У лясной каморы» (1972), «Мядзведзеў пачастунак» (1976), «Страшны звер» (1978), «Дзіўны птах» (1981), «Казкі Сіняга лесу» (1983) і іншыя. Склаў зборнік «Беларускія народныя жарты» (1970), адзін з аўтараў фотаальбома «Пакланіся прыродзе» (1984).



Беларускае Радыё Рацыя






