BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Пісаў пра настаўнікаў і пра родную літаратуру

26 кастрычніка спаўняецца 85 гадоў з дня нараджэння пісьменніка, літаратуразнаўца, педагога, навукоўца Мікалая Мішчанчука (1939-2012).

Мікалай Мішчанчук нарадзіўся на прыіску Майск Мазанаўскага раёна Амурскай вобласці (Расея) у сям’і высланых беларускіх сялян. Дзіцячыя гады прайшлі на станцыі Юхта Свабодненскага раёна, дзе Мікола скончыў сем класаў. У 1954 годзе Мішчанчукі вярнуліся ў Беларусь, пасяліліся ў пасёлку Чырвоны Пухавіцкага раёна Менскай вобласці. Навокал была пасляваенная галеча. Маці працавала даяркай у калгасе, па гаспадарцы і на ферме ёй, як мог, дапамагаў Мікола. У 1957 годзе ён скончыў Суцінскую сярэднюю школу з залатым медалём.

У 1962 годзе Мікола Мішчанчук скончыў філалагічны факультэт Менскага педагагічнага інстытута. Настаўнічаў у г. п. Узда, з 1964 года вучыўся ў аспірантуры. З 1967 года юнак працаваў у Менскім педагагічным інстытуце: выкладчык, дацэнт, намеснік дэкана (1972–1982), з 1989 года быў загадчыкам кафедры беларускай літаратуры. Абараніў кандыдацкую дысертацыю «Лірыка Я. А. Баратынскага. Папярэднікі і спадчыннікі» (1969). З канца 1970-х да сярэдзіны 1980-х гг. кіраваў секцыяй беларускай літаратуры пры Навуковым савеце Міністэрства народнай адукацыі Беларусі. Пасля абароны дысертацыі «Жанрава-стылёвыя асаблівасці сучаснай беларускай паэзіі» (1994) атрымаў вучоную ступень доктара філалагічных навук.

З вершамі Мікалай Мішчанчук пачаў друкавацца ў 1962 годзе — у часопісе «Бярозка». Аўтар зборнікаў паэзіі «Вернасць» (1979), «Трывожуся за белы свет» (1984), «Струна надзеі» (2009) і іншых. У яго паэзіі бачны ўсе духоўныя прыярытэты высокамаральнай асобы. Паэт найбольш каштоўнымі ў жыцці лічыць вернасць маральным ідэалам, самаахвярнасць на карысць Радзімы і людзей.

З 1996 года Мікола Мішчанчук працаваў у Берасцейскім дзяржаўным універсітэце, дзе стварыў сваю навуковую школу, якая займаецца распрацоўкай праблем развіцця гісторыі беларускай літаратуры ХХ стагоддзі ў кантэксце сусветнай. У 1998 годзе яму было прысвоена навукова-педагагічнае званне член-карэспандэнт Беларускай акадэміі адукацыі. З 1998 года ён загадваў кафедрай тэорыі і гісторыі рускай літаратуры. У 2004–2006 гадах прафесар Мікалай Мішчанчук загадваў кафедрай беларускага літаратуразнаўства Берасцейскага ўніверсітэта.

Мікола Мішчанчук вёў навуковыя даследаванні ў галіне беларускай літаратуры, літаратуры беларускага замежжа, узаемасувязей рускай і беларускай літаратур, актуальных праблем выкладання літаратуры і літаратуразнаўства. Аўтар, складальнік, рэдактар, рэцэнзент аўтарскіх і калектыўных прац, актыўна ўдзельнічаў у з’ездах, канферэнцыях, сімпозіумах і чытаннях. Аўтар манаграфіі «Ёсць у паэта свой аблог цалінны» (1992), літаратуразнаўчых і метадычных даследаванняў «Беларуская літаратура на сучасным этапе» (1978; 1983), «Літаратура, народжаная Кастрычнікам» (1983), «Беларуская савецкая паэзія 20-х гг.» (1988), «Настаўніку — пра настаўнікаў» (1989), «Літаратура беларускага замежжа» (1996), «Русская и белорусская литературы ХIХ–ХХ столетий: жанрово-стилевой аспект, вопросы взаимодействия» (2005), «Вывучэнне творчасці Кандрата Крапівы ў школе» (2008) і іншых.

Мікалай Іванавіч быў выдатным педагогам, метадыстам, вучоным, літаратуразнаўцам, літаратурным крытыкам, паэтам, перакладчыкам і проста шчырым і шчодрым душою чалавекам. У студэнцкай аўдыторыі ён заўсёды працаваў з натхненнем, не шкадаваў эмоцый, ніколі не быў «сухім акадэмістам», узрушаўся, расчульваўся. Яго намаганнямі падрыхтаваны не толькі сотні школьных настаўнікаў, а яшчэ шэраг кандыдатаў навук.

Беларускае Радыё Рацыя