2 лістапада спаўняецца 95 гадоў з дня нараджэння доктара філалагічных навук, педагога, пісьменніка, фалькларыста, грамадска-культурнага дзеяча з Польшчы Алеся Барскага (1930-2022).

Нарадзіўся Алесь Барскі на Беласточчыне ў вёсцы Бандары, пра якія так і пісаў: “Мае Афіны тут — назваў іх Бандарамі”. Амаль 30 гадоў быў загадчыкам кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта, 21 год кіраваў беларускім літаратурным аб’яднаннем “Белавежа” у Польшчы.
Друкавацца Алесь Барскі пачаў з 1956 года. Як паэт дэбютаваў у зборніку «Рунь» (Беласток, 1959). Аўтар паэтычных зборнікаў «Белавежскія матывы» (Беласток, 1962), «Жнівень слоў» (Беласток, 1967), «Мой бераг» (Менск, 1975), «Блізкасць далёкага» (Беласток, 1983), «Лірычны пульс» (Менск, 1987) і іншых. У паэзіі Алеся Баршчэўскага – матывы вернасці роднай зямлі, мове, складаны і супярэчлівы духоўны свет сучасніка.

Алесь Барскі – даследчык і папулярызатар старажытнай і сучаснай беларускай літаратуры. Аўтар артыкулаў па гісторыі беларускай літаратуры (у штотыднёвіку «Ніва» і «Беларускім каляндар») і цыклу артыкулаў «Беларуская літаратура і беларускі фальклор» (1965—1988), універсітэцкіх падручнікаў «Гісторыя беларускай літаратуры — фальклор» (1976), «Гісторыя беларускай літаратуры — пісьменнасць Кіеўскай Русі і Вялікага Княства Літоўскага» (1981) і іншых.
Пісьменнік пераклаў на польскую мову зборнік беларускіх народных казак «Д’ябальская скрыпка» (1973), зборнік казак Меншчыны, Гарадзеншчыны і Магілёўшчыны «Невычэрпны збан» (1976). Складальнік, аўтар прадмовы і біяграфічнага артыкула да кнігі Янкі Купалы «Выбраныя паэтычныя творы» (Варшава, 1984), для якой пераклаў на польскую мову паэму «Яна і Я», а таксама вершы. Збіраў, публікаваў і даследваў беларускі фальклор Беласточчыны. Аўтар зборніка абразкоў, артыкулаў, дарожных нататак «3 пабачанага і перажытага» (Менск, 1992).
Алесь Барскі шмат гадоў узначальваў аддзяленне Беларускіх даследаванняў пры Варшаўскім універсітэце, супрацоўнічаў з Люблінскім каталіцкім універсітэтам і ўніверсітэтам Марыі Складоўскай-Кюры. У 1993 годзе ён атрымаў званне ганаровага доктара Белдзяржуніверсітэта ў Менску.



Беларускае Радыё Рацыя






