BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Пісьменнік, які пацярпеў за сваю аповесць “Дабрасельцы”

24 снежня спаўняецца 110 гадоў з дня нараджэння беларускага пісьменніка Аляксея Кулакоўскага (1913-1986), які быў яркім прадстаўніком рэалістычнай літаратуры XX стагоддзя. У яго творчасці арганічна спалучаюцца маральна-этычныя, грамадска-палітычныя і філасофскія праблемы.

Нарадзіўся Аляксей Кулакоўскі ў вёсцы Кулакі на Салігоршчыне ў сялянскай сям’і. У 1931 годзе скончыў Рагачоўскую прафтэхшколу бондараў, затым загадваў бандарнай арцеллю ў Касцюковіцкім раёне. З 1931 па 1934 гады быў адказным сакратаром клімавіцкай раённай газеты «Камуна», публікаваў замалёўкі. У 1934 годзе пераехаў у Менск, працаваў у газеце «Чырвоная змена». У 1936‒1939 гадах вучыўся ў Менскім настаўніцкім інстытуце, Вышэйшых курсах мовы і літаратуры. Потым выкладаў у Цяцерынскай сярэдняй школе на Магілёўшчыне. У 1939 годзе быў прызваны ў армію. У гады Другой сусветнай вайны з’яўляўся камандзірам узвода, камандзірам роты, удзельнічаў у баях на Сталінградскім і Першым Украінскім франтах, атрымаў тры раненні. Пасля дэмабілізацыі працаваў загадчыкам аддзела ў газеце «Сталинская молодежь», часопісе «Беларусь», адказным сакратаром газеты «Літаратура і мастацтва». У 1953‒1958 гадах Аляксей Кулакоўскі быў галоўным рэдактарам часопіса «Маладосць».  У 1958 годзе ў майскім нумары часопіса «Маладосць» галоўны рэдактар выдання надрукаваў аповесць «Дабрасельцы». Праз некаторы час крытыка ацэніць гэты твор наступным чынам: «… пісьменнік імкнуўся паказаць складанасць жыцця калгаснай вёскі пачатку 1950-х гадоў.» І далей: «Супраць якіх з’яў, што мелі месца ў недалёкім мінулым, павёў агонь пісьменнік? Супраць парушэнняў сацыялістычнай законнасці, абмежавання дэмакратыі і падаўлення ініцыятывы знізу. Фактаў, звязаных з гэтымі з’явамі, у пісьменніка было нямала. Ведаў, бачыў у жыцці ён і канкрэтных носьбітаў зла. Аднак узняцца на патрэбную вышыню для гістарычна праўдзівай ацэнкі і асэнсавання гэтых фактаў Аляксей Кулакоўскі не здолеў». (Сяргей Гусак).  Аляксея Кулакоўскага звальняюць з пасады галоўнага рэдактара часопіса “Маладосць”.

This image has an empty alt attribute; its file name is aljaksej-kulakouski-i-jan-skryhan.jpg
Аляксей Кулакоўскі і Ян Скрыган

З 1965 па 1976 гады ён з’яўляўся намеснікам адказнага сакратара, адказным сакратаром праўлення Саюза пісьменнікаў БССР. З 1977 па 1986 гады ён працаваў дырэктарам Літаратурнага музея Янкі Купалы.

Аляксей Кулакоўскі, Сяргей Міхалкоў і Кандрат Крапіва

Аляксей Кулакоўскі пачаў друкавацца ў 1932 годзе. Асноўныя тэмы творчасці пісьменніка ‒ гераічны подзвіг народа ў гады вайны, жыццё пасляваеннай вёскі, яе складаныя гаспадарчыя і духоўныя праблемы. Для творчай манеры Аляксея Кулакоўскага характэрна ўзмацненне мастацкай нагрузкі на бытавыя дэталі, набліжанасць да жыццёвай праўды. Героі яго твораў ‒ звычайныя, простыя людзі. Аляксей Кулакоўскі пісаў раманы, аповесці, апавяданні, эцюды, нарысы, гумарэскі. Першы зборнік апавяданняў «Сад» (1947) быў прысвечаны тэме вайны і цяжкаму пасляваеннаму жыццю. Паглыбленай цікавасцю да быту людзей, іх паўсядзённых клопатаў вызначаюцца зборнікі «Хораша ўзыходзіць сонца» (1952), «Незабыўнае рэха» (1956), аповесць «Тры зоркі» (1963). Філасофскія і палітычныя праблемы асвятляюцца ў апавяданні «Нямко» (1946). Утылітарны падыход да чалавека асуджаецца ў апавяданнях «Кватаранты» (1952), «Дванаццаты, жорсткі» (1956), аповесці «Нявестка» (1956). Сатырычна апісана псіхалогія дэмагогаў і кар’ерыстаў у аповесці «Дабрасельцы» (1958). Самым значным творам, галоўнай працай Аляксея Кулакоўскага з’яўляецца яго дылогія ‒ раманы «Расстаёмся ненадоўга» (1955) і «Сустрэчы на ростанях» (1962), у якіх падрабязна адлюстравана жыццё ваеннага пакалення, асэнсоўваецца роля інтэлігенцыі ў грамадстве. У рамане «Сцежкі зведаныя і нязведаныя» (1974) паказана беларуская вёска ў час калектывізацыі і першыя дні вайны. У шэрагу твораў выкарыстаны дакументальныя матэрыялы, раскрываецца мужнасць народа, разглядаецца сувязь гераізму і працоўнага ўкладу людзей. Сярод іх ‒ «Да ўсходу сонца» (1957), «Твой шлях перад табою» (1964), «Дзе каму жыць» (1971), «Маршрут ад Клічава» і «Хлебарэз» (1983). У цыкле апавяданняў «Салігорскія эцюды» (1963), аповесцях «Тут я жыву» (1960), «Расце мята пад акном» (1966) асвятляюцца праблемы суадносін урбанізацыі і традыцыйных маральных каштоўнасцей. У рамане «Васількі» (1981) характарызуецца жыццё горада ў пасляваенны час, абагульнены шматлікія пытанні маральна-этычнай праблематыкі. Пісьменнік выдаў для дзяцей зборнік апавяданняў «На возеры» (1950), кнігу аповесцей «Белы сокал» (1985; Дзяржаўная прэмія БССР, 1986). Аляксей Кулакоўскі быў узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, Працоўнага Чырвонага Сцяга, двума ордэнамі «Знак Пашаны», Дружбы народаў, медалямі. У 1974 годзе ён атрымаў званне заслужанага работніка культуры Беларусі.

Беларускае Радыё Рацыя