Беларускі рок-музыка Піт Паўлаў і Полк Каліноўскага запісалі сумесную кампазіцыю “Бараню сваё”. “Песня стала свайго роду вынікам маёй паездкі ва Украіну”, – распавёў Госць Рацыі – Піт Паўлаў – нашаму радыё.

Піт Паўлаў: Гэта ініцыятыва палка. Яны даслалі мне вось гэтую рэчоўку, ці як амерыканцы называюць «кэйданс». Гэта зроблена на амерыканскі манер. Але кожны, хто быў піянерам, ведае, што былі рэчоўкі атрадаў. Вось яны менавіта так і выглядалі, калі так званы запявала прамаўляе нейкую фразу, а ўвесь атрад падхоплівае. І вось хлопцы з палка Каліноўскага напісалі гэты тэкст, здаецца па матывах «марскіх коцікаў». Калі я запытаўся пра прозвішча, каб зарэгістраваць на гэтага чалавека песню, мне сказалі: прозвішча – ваяр палка Каліноўскага. Я зараз думаю, як гэта зарэгістраваць. Хутчэй за ўсё аўтар будзе схаваны такім чынам: імя – Ваяр, а прозвішча – Каліноўскі. Каб усе разумелі, што гэта нейкі збіральны вобраз ваяра палка Каліноўскага.
Натуральна ў гэтага тэксту ёсць нейкі аўтар, але мы яго не называем. Я сам яго не ведаю. А музыка – гэта ўжо другі варыянт музыкі. Магчыма, выйдзе і першы. Я спачатку зрабіў такі шчымлівы, трагічны, псіхадэлічны кавалачак. Бо ў мяне менавіта такія пачуцці выклікаюць нашыя хлопцы, якія на вайне. Але яны сказалі мне, што ім не падабаецца такая ідэя, ім патрэбна штосьці энергічнае, больш моцнае, жыццесцвярджальнае. І тады я паставіў сабе задачу зрабіць максімальны «метал». Нягледзячы на тое, што я люблю цяжкую музыку, але ўсё ж такі так цяжка я ніколі не граў. У NRM ёсць толькі тры песні, якія можна назваць цяжкімі, якія мы самі лічым, што гэта «метал». Гэта песні: «Дастала», «Катлет-матлет» і «Вайна». І ўсе тры вырашаліся, акрамя «Дастала», крыху гумарыстычна, з пераборам. І «метал» тут выкарыстоўваўся як метафара, што гэта той край, за які мы самі ніколі не заходзім.

Пры стварэнні гэтай версіі я зайшоў далёка за край, я нават сам не думаў, што я магу граць такога кшталту «метал». Там ёсць вось гэтыя «бласт-біты» на бубнах. «Бласт-біты» – гэта збіўкі двума нагамі. І ўсё гэта я вымушаны быў сыграць на гітары. Я ведаю, што я так умею, але, па-шчырасці, на канцэртах я так ніколі не граю, таму што мы не граем «метал». І гэта асаблівы складнік гітарнай ігры, які я ніколі не запісваў. На некалькіх рэпетыцыях я быў калісьці з гуртом «Тарнада». І сапраўды тады я спрабаваў навучыцца так граць, і мне падавалася, што я ўжо амаль навучыўся. Хаця да канцэрта так і не дайшло. Ну і гэта ўвесь мой досвед такога віртуознага «металу».
І тут мне трэба было сыграць, як сёння граюць «метал». Мяне прадзюсіраваў мой гука-інжынер. Называць яго не буду, таму што ён у Беларусі. Ён вельмі добра разбіраецца ў гэтым жанры, і ён ухваляў тое, што ў мяне добра атрымалася, і крытыкаваў тое, што было фармальна, недастаткова цяжка. «Метал» – гэта вельмі акрэслены жанр, у ім дзейнічаць складана, таму што ўсё ўжо напісана, усе рыфы напісаны. І вось гэты «бласт-бітны» рыф, канешне, у ім ёсць спасылка на гурт «Металіка». Адразу там чуваць, што гэта з «Металікі». Я не здымаў «Металіку», гэта інтуітыўна атрымалася. Але я думаю, што там вельмі блізка. Але ў дадзеным выпадку, гэта не кепска, а добра. Гэта практычна цытата. Гэта далучэнне да энергіі палка Каліноўскага яшчэ і энергіі «Металікі», як аднаго з самых вядомых металічных гуртоў.
Што яшчэ можна казаць пра музыку? Пра музыку словамі вельмі цяжка распавядаць, лепей яе слухаць. З якой цяжкасцю сутыкнуўся я? Нягледзячы на тое, што хлопцы сыгралі вельмі рытмічна, таму што яны маршыравалі, і збоку мой знаёмы запісаў іх на тэлефон. І вось гэты запіс і быў адзінай крыніцай гуку. І песня выкладзена з кадрамі, як яны маршыруюць, як яны ідуць на нейкую місію. І потым – выкананне місіі: сапраўдныя здымкі з бою. Вельмі прыгожа сядае сонца. Даўгія цені. І гэта ўсё мяне натхніла на тую лірычную версію. І кавалак той лірычнай версіі трапіў у металічную версію. Самы пачатак – гэта проста кавалак той лірычнай версіі. Ён будзе і ў той другой версіі.
Цалкам размова:
Беларускае Радыё Рацыя






