Беларускія музыкі рыхтуюцца да імпрэз, прымеркаваных да Дня Волі. Рок-артыст Піт Паўлаў не толькі прыме ўдзел у агульным мерапрыемстве ў Варшаве, але і зайграе вялікі канцэрт у складзе N.R.M. Сёння творца стаў “Госцем Рацыі” і распавёў нашаму радыё пра асаблівасці падзеі.
– Вольскі цэнтр культуры. Вольскі, бо ён знаходзіцца ў раёне Варшавы Воля. Гэта гістарычны будынак, там нават калісьці быў Пабла Пікаса, падчас візіту ў Польшчу ён там быў. Там будзе вялікі канцэрт N.R.M. Гэта была ініцыятыва самога Вольскага цэнтру культуры і натуральна N.R.M. Будзе міні-фэст, бо прыме ўдзел яшчэ адзін гурт невядомы нашым слухачам – гэта гурт “Stado”. Маладыя беларусы, мне яны вельмі падабаюцца, яны разрываюць сцэну.
Яны ў асноўным працавалі тут у Польшчы, ужо адносна даўно. Яны гралі на ангельскай мове, але зараз пачалі нешта пісаць на беларускай. У іх будзе невялікі сэт і потым выйдзе на сцэну N.R.M. Мы плануем паказаць значную частку новага альбому. Там ёсць пара песень, якія былі напісаныя падчас вайны, прысвечаныя вайне. Сыграем тое, што ўсе чакаюць, абавязкова моцнае. Але галоўнае наша жаданне проста ўламіць Варшаве. Нельга сказаць, што мы тут рэдка граем, але Дзень Волі толькі раз у год бывае. Таму хочацца менавіта на дзень волі ўламіць Варшаве, вось так.
РР: Якім складам граеце?
– Склад у нас увесь час такі, як ёсць N.R.M. У нас дадатковы музыка Васіль Ярмоленка, ён з намі грае ўжо цэлы год. Мы вельмі задаволеныя, класны музыка, аднадумца.
РР: Распавядзіце калі ласка пра самае яркае ваша святкаванне Дня Волі.
– Не магу. Нічога не ідзе ў галаву. Мы кожны год нешта рабілі. У мінулым годзе мы гралі на пляцы Канстытуцыі. Там быў вялікі канцэрт, некалькі песень 2 ці 3 і гэта было прыемна. У шэсці ўдзельнічала шмат народу, можа 5-6 тысячаў, але да нашага канцэрту “дажылі” можа 500-600. Вельмі доўга быў гэты канцэрт. Яшчэ год перад гэтым, яшчэ ў Беларусі. Мы ўвесь час задзейнічаны на Дзень Волі, таму гэта ператварылася ў бясконцы шэраг канцэртаў.
Больш інфармацыі пра вялікі канцэрт гурта N.R.M. можна даведацца ў Facebook.
Беларускае Радыё Рацыя