Буйная міжнародная акцыя “Ноч музеяў” разгарнулася на гэтых выходных у розных краінах свету. Далучыўся да яе і Музей Вольнай Беларусі, які працуе ў Варшаве: ён прэзентаваў праект “Пяць праектаў – і толькі адна ноч”. Частку экспанатаў для яго прадаставіў Клуб беларускіх мецэнатаў пры Беларускай Радзе культуры. Пра іх, значнасць акцыі і не толькі Госць Рацыі, кіраўнік БРК Сяргей Будкін распавёў нашаму радыё.

РР: Пра значнасць “Ночы музеяў”. Наколькі гэта актуальна для беларусаў у кантэксце эміграцыі?
Сяргей Будкін: “Ноч музеяў” – гэта добрая нагода падкрэсліць, па-першае, існаванне беларускага жыцця ў іншых краінах. Па-другое, тое, што жыццё працягваецца. І дадзеная выстава якраз дэманструе тое, што калекцыянераў, мецэнатаў цікавяць артэфакты, звязаныя з беларускай гісторыяй. Яны купляюцца не проста для таго, каб яны недзе віселі ці ў кагосьці ляжалі. Яны купляюцца для будучай Беларусі, таму што я ведаю, што і нашы калегі з ініцыятывы “Мальдзіс” і клуб беларускіх мецэнатаў пры Беларускай Радзе культуры мэтанакіравана збіраюць гэтыя артэфакты, каб іх вярнуць у Беларускі музей у будучыні. Таму гэта ўсё мае сувязь з Беларуссю, з беларускай культурай і мае сувязь з тымі людзьмі, якія жывуць па абодва бакі мяжы і называюць сябе беларусамі.
РР: Пяць артэфактаў прадстаўлены цяпер у музеі Вольнай Беларусі, распавядзіце, калі ласка, пра іх.
Сяргей Будкін: Я магу распавесці пра два, якія былі прадастаўленыя з нашага боку. Мы вырашылі ўпершыню пра іх публічна расказаць. Першы артэфакт – гэта радзівілаўская мапа, арыгінал. Але ў той час іх было шмат, друкавалася, таму гэта мапа 1649 года. З цягам часу яны, канешне, знішчаліся, знікалі, і таму іх па ўсім свеце засталося дзясяткі. Кожны асобнік кожнага году выдання, канешне, вельмі каштоўны. Гэта першая мапа ў прынцыпе на якой падрабязна адлюстраваныя землі Вялікага Княства Літоўскага, 1020 мястэчак на ёй выяўлена даволі з такой дакладнасцю. Таму што можна павандраваць па мясцінах і заўважыць, што на тыя часы без GPS гэта было даволі складана замерыць. І гэта ў прынцыпе быў пераварот мыслення тагачасных людзей, таму што паняцце пра адлегласці было досыць умоўнае. І што там за гарой, што там за лясамі, шмат хто проста не ўяўляў. Таму гэта такая вялікая справа, якую пачаў Мікалай Радзівіл Сіротка ў 1586 годзе, калі з’явілася гэтая ідэя. Вельмі шмат часу пайшло на вось гэтыя вымярэнні дакладныя з дапамогай адмысловых прыладаў, якія нагадвалі палкі даўгія. І ў рэшце рэшт гэта было нанесена на паперу і фактычна стала ўзорам для ўсіх наступных мапаў, звязаных з нашым рэгіёнам.
Яшчэ адметнасць гэтай мапы ў тым, што ўпершыню на ёй названа такая краіна як Украіна, першая згадка на ёй фіксуецца. І гэта такая ручная праца, вельмі карпатлівая. Трохі пазней яна была пакрытая яшчэ золатам уручную, таму яе проста прыемна разглядаць. Безумоўна, яна можа ўпрыгожыць любы беларускі музей, бо, наколькі мне вядома, такіх асобнікаў можа быць толькі некалькі ў Беларусі ў руках калекцыянераў, і адзін з асобнікаў ёсць у Нясвіжскім палацы, перададзены Мацеем Радзівілам.
Другі экспанат – гэта кніга, таксама звязаная з імем Мікалая Радзівіла Сіроткі, ён яе напісаў, гэта фактычна першы трэвал-блог у беларускай гісторыі.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
З кіраўніком Беларускай Рады Культуры гутарыла нашая журналістка Марына Савіцкая.
Беларускае Радыё Рацыя