27 чэрвеня спаўняецца 100 гадоў беларускай пісьменніцы, крытыку, літаратуразнаўцу Лідзіі Арабей (1925-2015).

Лідзія Арабей адносіцца да тых пісьменнікаў, чыё юнацтва было апалена Другой сусветнай вайной. Убачанае і перажытае ў тыя цяжкія гады стала галоўнай тэмай яе творчасці.
Нарадзілася Лідзія Арабей у вёсцы Нізок Уздзенскага раёна Менскай вобласці ў сям’і служачых. Пасля смерці бацькі разам з маці ў 1930 годзе яна пераехала ў Менск. Да пачатку вайны скончыла восем класаў школы. У 1942–1944 гадах жыла ў Шчучыне. Пасля вызвалення Беларусі працавала ў рэдакцыі шчучынскай раённай газеты «Чырвоны сцяг».

У 1945 годзе Лідзія Арабей вярнулася ў Менск і паступіла ў дзясяты клас школы рабочай моладзі, адначасова працавала ў часопісе «Вожык». У 1946 годзе яна стала студэнткай філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Вучобу сумяшчала з работай у рэдакцыі газеты «Чырвоная змена», некаторы час была настаўніцай пачатковай школы. У 1951–1954 гадах Лідзія Арабей з’яўлялася аспіранткай Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. З 1955 па 1967 гады была старшым рэдактарам выдавецтва «Беларусь». У 1958 годзе яна абараніла кандыдацкую дысертацыю, якая была прысвечана жыццю і творчасці Алаізы Пашкевіч (Цёткі). Потым працавала ў часопісе “Полымя”.
Друкавацца Лідзія Арабей пачала яшчэ ў студэнцкія гады. Яе першыя апавяданні былі апублікаваны ў часопісе «Вожык». Працуючы над мастацкімі творамі, Лідзія Арабей працягвала займацца навуковай работай, якую пачала ў час вучобы ў аспірантуры. Грунтоўнымі працамі сталі дзве манаграфіі «Цётка (Алаіза Пашкевіч)» (1956) і «Хвядос Шынклер: жыццё і творчасць» (1959), дзе даследчыца прадэманстравала ўменне аналізаваць мастацкую структуру твораў, сістэму вобразаў і аўтарскі стыль.

Аднак найбольш ярка і арганічна раскрыўся талент жанчыны як празаіка. У 1962 годзе асобным выданнем выйшла яе першая аповесць «Мера часу», у якой адлюстраваны жыццё і праца моладзі гадзіннікавага завода. У 1964 годзе з’явіўся зборнік прозы «Экзамен». У дакументальных аповесцях «На струнах буры» (1967) і «Стану песняй» (1977), «На полымі любві» (2006) пісьменніцы апісвае жыццёвы і творчы шлях беларускай паэткі Алаізы Пашкевіч (Цёткі).

Асноўнай у творчасці Лідзіі Арабей стала тэма вайны. У творах пісьменніцы аб вайне няма захапляючага сюжэта, хуткай змены падзей, гераічных подзвігаў, баявых аперацый на франтах і ў тыле. Галоўнымі героямі з’яўляюцца простыя людзі, якія ва ўмовах акупацыі не скарыліся, не страцілі чалавечую годнасць. Падзеі вайны адлюстраваны ў многіх яе аповесцях. Тэматыка твораў Лідзіі Арабей не зводзіцца толькі да праблем ваеннага часу. Аповесці «Ваўчкі» (1972), «На крыжавых пуцінах» (1980), «Дзень мінулы, дзень наступны» і «Паласа дажджу» (1984) прысвечаны актуальным пытанням канца ХХ стагоддзя. Асноўны змест твораў Лідзіі Арабей другой паловы 1980-х – 1990-х гадоў, якія ўвайшлі ў зборнікі «Пошукі кахання» (1987), «Халодны май» (1993), «Перавал» (1998), – справы моладзі і яе ўдзел у грамадскім жыцці краіны, будні вясковай інтэлігенцыі, гераічныя старонкі народнай памяці.

Пісьменніца таксама звярталася і да дзіцячай тэматыкі. Займальна напісаны апавяданні для юных чытачоў, якія склалі зборнікі «Калібры» (1960), «Ісці ў разведку» (1989), «Добрая фея» (1999), аповесць «Сіні бор» (1972) і іншыя.

Беларускае Радыё Рацыя






