Італьянскі мастак Леанарда да Вінчы памёр больш за 500 гадоў таму. Ён меў яшчэ шмат розных талентаў: пісьменнік, музыка, скульптар, інжынер, канструктар, архітэктар, астраном. Аднак большасць ведае яго як аўтара “Мона Лізы” ці “Джаконды”. І вось мастак памёр больш за 500 гадоў таму, то бок калі пра экалагічны актывізм і гаворкі не ішло. Ягоная карціна “Мона Ліза” была створаная яшчэ раней: у 1503-1507 гадах. І вось цяпер чамусьці гэтая карціна стала як мёдам намазаная для розных прадстаўнікоў роду чалавецтва.

Леанарда да Вінчы 500 гадоў таму і не падазраваў, што ягоны мастацкі твор стане прыцягваць розных вандалаў. Спачатку ў 1956 годзе “Мону Лізу” аблілі сернай кіслатой, пасля чаго частка карціны нават была пашкоджаная. Потым у яе кінулі каменем. Пасля здарэнняў “Мону Лізу” абаранілі куленепрабівальным шклом. Не так даўно, у 2022 годзе ў карціну кінулі торт, заклікаючы падумаць пра планету. І вось цяпер, у 2024 годзе, “Мону Лізу” аблілі супам са словамі: “Што найважнейшае: мастацтва ці права на здаровае харчаванне”. Такое адчуванне, што гуманіст і мастак Леанарда да Вінчы, які жыў 500 гадоў таму, выступаў супраць здаровага харчавання. І ўвогуле пры чым тут “Мона Ліза” да планеты ці здаровага харчавання?
Юлія Сівец, Беларускае Радыё Рацыя
Калаж з адкрытых крыніц інтэрнэта






