У суботу беларусы Вашынгтона і наваколляў злятаюцца на традыцыйны вясенні пікнік. Гэта магчымасць сустрэцца з новымі сябрамі, падзяліцца настроем і правесці час у атмасферы беларускай супольнасці. У праграме – знаёмствы, конкурсы, забаўкі, занятак для дзетак і шмат іншага.

У суботу ў Варшаве – майстар-клас Русі па вясновых спевах. Вывучым і заспяваем традыцыйныя песні, адчуем моц свайго голасу — і моц беларускай традыцыі.
У суботу ў Варшаве – імпрэза «SLEEPOVER» да Ночы музеяў. У праграме: вернісаж выставы «Тры шыўкі ад краю», на якой будуць прадстаўлены праекты Яўгена Атцецкага, Марыі Карнеенка і Кацярыны Ігнашэвіч. Куратарка выставы — Крысціна Пыжова. У межах вернісажа таксама распавядуць пра дзейнасць беларускай фатаграфічнай платформы ФШ1. Адбудзецца і паказ праектаў удзельнікаў ментарскай праграмы DO ART TOGETHER.
У суботу і нядзелю ладзяць майстар-клас па спевах беларускіх калыханак. Вядоўцы — Паліна Курановіч і Сяржук Доўгушаў. Натуральны, прыродны, неапрацаваны гукавы лад калыханак не патрабуе спецыяльнай музычнай адукацыі — ім лёгка авалодае кожны. Прысутнасць і гаючы голас матулі, знаёмыя вобразы, старажытная мелодыя, рытм, родная мова — простыя сродкі для стварэння гармоніі і шчаслівага дзяцінства. Падчас майстар-класа наведвальнікі атрымаюць першапачатковыя навыкі пра гук, голас і дыханне; пазнаёмяцца з традыцыйнымі беларускімі калыханкамі, забаўлянкамі і з іх асаблівасцямі; навучацца спяваць калыханкі з розных куткоў Беларусі.
У Вільні працягваецца мультымедыйная выстава Аляксандра Ката-Зайцава «DOM». Праз аналагавую фатаграфію, гук, калаж і фільм, аўтар паглыбляецца ў эмацыйнае і псіхалагічнае падарожжа постсавецкіх імігрантаў і іх складаныя адносіны з паняццем «дом» у еўрапейскім грамадстве. Тое, што пачалося як асабістае даследаванне, перарасло ў разважанне пра ідэнтычнасць, прыналежнасць і выгнанне.
У Варшаве ладзіцца выстава Тані Кандраценка і Яўгена Шадко «Межы прысутнасці». Нягледзячы на розны досвед, мастакі перасякаюцца ў агульным жывапісным пытанні пра тое, што такое «прысутнасць» у свеце, які не заўсёды дае права на існаванне. Іх карціны — гэта спроба стварыць калектыўны партрэт памяці XXI стагоддзя, паказваючы складанасць чалавечага досведу ў кантэксце сучасных сацыяльна-палітычных змен.
У нядзелю акцёр і майстра дубляжу Алег Гарбуз кліча на вечар агучкі. Тут чакаюць – тры сцэны з культавых фільмаў, сярод якіх – «Тэрмінатар-2», гатовыя сцэнары некалькіх альтэрнатыўных агучак, прэм’ера версій на вялікім экране.
Такія падзеі чакаюць нас бліжэйшым часам. Далучайцеся!
Беларускае Радыё Рацыя






