У панядзелак у Варшаве – прэзентацыя аўдыёспектакля «Brest HERstory» пра жаночую гісторыю Берасця часоў Другой сусветнай вайны. Гэта погляд на гістарычныя падзеі праз лёсы і дзейнасць жанчын. Крыніцамі сталі архіўныя матэрыялы і фота, апублікаваныя тэксты і сведчанні, дзённікі і інтэрв’ю. Brest HERstory прадставіць Аксана Гайко, ініцыятарка і аўтарка праекта.

У аўторак – анлайн-лекцыя «Анімацыя знаёмая і нечаканая» для абітурыентаў і не толькі. На вэбінары разбяруцца, як анімацыя прайшла шлях ад наскальных малюнкаў да лічбавых экранаў, чаму яна падыходзіць не толькі мастакам і як кожны можа знайсці ў ёй сваю тэму і форму. Спікерка — беларуская рэжысёрка-аніматарка, выкладчыца ЕГУ Ірына Кадзюкова.
У аўторак платформа «Gronka» ладзіць вебінар «Сіла краўдфандынгу: як сабраць грошы на сваю ідэю». На падзеі раскажуць пра тонкасці краўдфандынгу, спецыфіку працы платформы «Gronka» , а таксама досвед паспяховых кампаній і распаўсюджаныя памылкі. А яшчэ – адкажуць на пытанне: як стварыць праект, што прыцягне ўвагу і выкліча жаданне падтрымаць.
У аўторак ва Уроцлаве адбудзецца прэзентацыя рамана Аляксандра Карнаўха «Халодныя землі». Антось перажывае страту свайго вернага сябра, бігля Аргуса. Да таго ж яго жонка прыходзіць да высновы, што іх шлюб не мае будучыні. Калі ж знаёмая Антося прапаноўвае яму разабраць тэкст загадкавых сшыткаў, ён адразу згаджаецца. Шэраг таямніц на шляху нашых герояў прымушаюць іх па-новаму паглядзець на сваё мінулае і задацца пытаннем, якія яшчэ сакрэты могуць хавацца ў гэтых сшытках? Падчас прэзентацыі можна будзе набыць кнігу і атрымаць аўтограф аўтара.
У аўторак у Гданьску – кніжны кірмаш ад выдавецтва kamunikat. Прыедуць найлепшыя выданні і заснавальнік выдавецтва Яраслаў Іванюк. З нагоды Дня палітвязня адбудзецца сустрэча з журналістам Алегам Груздзіловічам, былым палітвязнем, аўтарам кнігі «Прыгоды дзядзі Віці на Валадарцы».
У аўторак у Варшаве – канцэрт дуэту Маргарыты Ляўчук і Андрэя Павука «Красная Зелень». Дуэт атрымаў гастрольнае “удаставірэніе ад Брэсцкага СК срокам у сумме на 18 лет і зладзіць едзіны і непаўторны кватэрнік” у Варшаве пад назвай «Можам Паўтарыць». Будзет очэнь інцярэсна.
У сераду ў Варшаве – прэзентацыя кнігі Цімура Кудзеліча «Значныя Дні». Аўтар – пісьменнік і кніжнік з Менска, які цяпер жыве і працуе ў сталіцы Польшчы. Прыхільнік арганічнага авангарду і літаратуры ўмоўнасці, аўтар кніг прозы “ЯК” і “Пацукі”, а таксама паэтычнага зборніка “бяз гэтага – усё”. Новы раман “Значныя дні” – гэта захапляльнае падарожжа ў свет, дзе звычайная чыгуначная станцыя “Беларусь” у Заслаўі становіцца цэнтрам неверагодных падзей. У творы спалучаюцца рэалістычнае і фантазійнае, гратэск і гіпербалы, а мова аповеду парушае звыклыя правілы. Мадэратарам будзе пісьменнік і выдавец Павел Анціпаў.
Беларускае Радыё Рацыя