BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Пра цікавыя беларускія падзеі гэтага тыдня

У сераду пісьменнік Саша Філіпенка запрашае беларусаў Уроцлава на прэзентацыю і чытанні свайго новага рамана «Слон». На гэтым выступе аўтар прачытае ўрыўкі са свайго новага твору і не толькі; раскажа пра тое, як ён звяртаўся да экспертаў па сланах для напісання кнігі; пагаворыць пра цэнзуру, свабоду слова і ролю пісьменніка ў эпоху забарон; адкажа на пытанні гледачоў, якія нельга задаць у афіцыйных інтэрв’ю.

У сераду ў Празе – прэзентацыя кнігі Аляксандра Чарнухі «Гвалт». Гэта дзесяць апавяданняў, дзе фантазія цесна пераплеценая з рэальнасцю. Палёт КДБшніка над менскім цыркам, выкопванне мёртвага чыноўніка з труны, страшная эпідэмія на шклоўскім моры, рытуальная дзяльба кабанчыка — нечаканыя вобразы і метафары ствараюць прастору для рэфлексіі. Будзе магчымасць паслухаць адно з апавяданняў з кнігі «Гвалт» і задаць аўтару пытанні. Акрамя таго, спадар Аляксандр раскажа пра самых вядомых і паспяховых беларускіх музыкантаў. Даведаецеся: у каго з беларусаў ёсць намінацыі на Грэмі; як беларускі гурт стаў самым папулярным расейскамоўным бэндам у гісторыі; як выжывае беларуская культура і чаму яе важна падтрымліваць.

У сераду беларусы Беластока ладзяць акцыю салідарнасці з палітвязнямі. Беларусь сёння — гэта краіна, дзе за праўду садзяць, за сумленне — катуюць. Тысячы чалавек сядзяць у турмах па палітычных матывах.

У сераду ў Берліне – прэзентацыя кнігі Генрыха Кіршбаўма «Рэвалюцыя цярпення. Беларускі брыкалаж». «Надзейнага барометра Беларусі няма і ніколі не было, вялікіх бур і перападаў атмасфернага ціску не прадбачылася. Ніхто не мог прадбачыць таго, што здарыцца. Ні сацыёлагі, ні палітыкі, ні паэты. Ні Захад, ні Крэмль, ні самі беларусы… І вось, з 2020 года адбываецца нешта неймавернае і незваротнае: індуктыўная самазборка, рэвалюцыя цярпення, беларускі брыкалаж…» У кнізе асэнсоўваецца этыка і паэтыка беларускіх падзеяў. Мадэратарка — Яраслава Ананка.

У чацвер у Варшаве адбудзецца прэзентацыя кнігі Арцёма Сізінцава «На, Старт‘ і ў, Тэмпе‘». Гэта маштабная работа пра гісторыю ножнага шпурляку (футболу) на Аршаншчыне, якая таксама закранае агульны дыскурс развіцця віду ў Беларусі. На прэзентацыі згадаюць розныя аспекты, якія сустракаюцца ў кнізе: гісторыю Воршы і мясцовых клубаў, смешныя моманты з паядынкаў, жаночы футбол, стадыёны, вядомых гульцоў. Будзе магчымасць задаць пытанні аўтару і выдаўцам, падзяліцца сваім досведам і прыдбаць кнігу. Уваход вольны.

У чацвер Анастасія Рыдлеўская грае ў Познані сольны канцэрт і прэзентуе новы альбом «Snake Charmer». «Год таму я пачала пісаць свой трэці альбом — і за гэты час маё жыццё павярнулася на 180 градусаў. Я пачала выступаць, знайшла каманду, сяброў і, нарэшце, дазволіла сабе жыць музыкай. Гэты альбом — пра свабоду быць сабой. Пра прыняцце сваіх страхаў, жаданняў і пачуццяў», — кажа Анастасія. Кампанію складзе дыджэй korrrnej з жывым сэтам, а таксама адмысловыя госці — дуэт ŽURAVL.

Такія падзеі чакаюць нас бліжэйшым часам. Далучайцеся!