У панядзелак, 26 траўня, у Варшаве – творчая сустрэча з мастаком і даследчыкам Віцебскай мастацкай школы Андрэем Духоўнікавым. Дзе нараджалася новае мастацтва? У Віцебску — там, дзе Шагал стварыў мастацкае вучылішча, Малевіч заснаваў УНОВІС, а Беларусь падарыла свету адзін з цэнтраў авангарду. Віцебская Народная Мастацкая вучэльня — гэта нацыянальны скарб і жывая памяць вялікага мастацкага эксперымента. На падзеі даведаемся, як невялікі Віцебск на пачатку ХХ стагоддзя стаў цэнтрам сусветнага авангарду — і чаму ідэі, што нарадзіліся там, актуальныя і сёння. Уваход вольны.

У панядзелак пісьменнік Саша Філіпенка запрашае беларусаў Берліна на прэзентацыю і чытанні свайго новага рамана «Слон». На гэтым выступе аўтар кнігі прачытае ўрыўкі з раману і некалькі сваіх апавяданняў; раскажа пра тое, як ён звяртаўся да экспертаў па сланах для напісання кнігі; пагаворыць пра цэнзуру, свабоду слова і ролю пісьменніка ў эпоху забарон; адкажа на пытанні гледачоў, якія нельга задаць у афіцыйных інтэрв’ю.
У аўторак, 27 траўня, у Берліне адбудзецца першы акустычны сольнік Славы Кмiта і яго Кмітансамбля. Прагучаць творы з будучага альбома «Сонечнае сэрца», а таксама перайначаныя рэчы з рэпертуару колішніх праектаў «The Belarus Outfit» і «Chmaračosy ŭ Maich Krozach». Кампанію складзе музыка Applepicker. Адмысловы госць падзеі — Мірон Вітушка.
З аўторка па чацвер Вольныя Купалаўцы прэзентуюць у Варшаве спектакль «Валізка».

Часам кожнаму з нас хочацца выціснуць з памяці цяжкія моманты, жахлівыя ўспаміны, выкінуць іх у сметнік і развітацца назаўсёды. Ці магчыма гэта і ці варта? Ці ж не мінулае вызначае чалавека? Франсуа Жако меў палову сэрца, адно лёгкае, адно вока. Ён цяжка дыхаў і не меў апоры ў жыцці. Франсуа здавалася, што яго наогул не існуе. Але аднойчы ён выправіўся ў музей катастрофы, каб адшукаць адказы і зрабіць нечаканае адкрыццё. Аўтарка — Малгажата Сікорска-Мішчук. Рэжысёр — Аляксандр Гарцуеў. Акторы — Аляксандр Казела, Зоя Белахвосцік, Андрэй Дробыш, Валянціна Гарцуева, Зміцер Есяневіч.
У Варшаве працягваецца выстава Тані Кандраценкі і Яўгена Шадко «Межы прысутнасці». Нягледзячы на розны досвед, мастакі перасякаюцца ў агульным жывапісным пытанні пра тое, што такое «прысутнасць» у свеце, які не заўсёды дае права на існаванне. Іх карціны — гэта спроба стварыць калектыўны партрэт памяці XXI стагоддзя, паказваючы складанасць чалавечага досведу ў кантэксце сучасных сацыяльна-палітычных змен. Працуе выстава да 15 чэрвеня.
Такія падзеі чакаюць нас бліжэйшым часам. Далучайцеся!
Беларускае Радыё Рацыя






