BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Пра цікавыя беларускія падзеі гэтага тыдня

У сераду, 28 траўня, у Варшаве адбудзецца лекцыя Рамана Забелы “Барочны палац Сапегаў-Агінскіх на Падоле ў Гродне: невядомы помнік у святле найноўшых даследаванняў (2020-2025)”. Пра існаванне барочнага палаца XVII стагоддзя на Падоле, у Гродне, вядома ўжо даўно. З 19 стагоддзя гэты аб’ект з’яўляецца часткай былога комплексу піваварнага завода.

Аднак дагэтуль ніякіх даследаванняў не праводзілася – невядома, што захавалася і як гэта выглядала першапачаткова. Толькі ў сувязі з пачаткам работ па рэканструкцыі і прыстасаванні комплексу былога бровара з’явілася магчымасць правесці палявыя даследаванні, накіраваныя на выяўленне і аналіз канструктыўных элементаў палаца XVII стагоддзя, якія захаваліся ў яго сучаснай структуры. Атрыманыя вынікі дазваляюць вызначыць асноўныя этапы будаўніцтва аб’екта, рэканструяваць яго першапачатковы выгляд, сфармуляваць гіпотэзу адносна аўтарства праекта, а таксама пазначыць праблемы і даследчыя пытанні, якія могуць стаць адпраўной кропкай для далейшых даследаванняў у галіне гісторыі архітэктуры і мастацтва. Спікер – Раман Забела, архітэктар-рэстаўратар помнікаў, грамадскі актывіст, былы палітвязень.

У чацвер, 29 траўня, у Варшаве – дабрачынная імпрэза ў падтрымку палітвязняў.

Сярод удзельнікаў — Алесь Дзянісаў з «Дзецюкоў». У планах — веганская ежа, мерч і панк-балады.

У пятніцу ў Вільні – канцэрт Георгія Дабро. Рэдкія рэчы здараюцца ўпершыню — і іх немагчыма паўтарыць. З’яўленне на свет, першы пацалунак і… Георгій Дабро ў Вільні! Не чакайце ад яго глыбокіх разважанняў, маўчання пра лёс ці метафізічнага пафасу. Будзе толькі мітусня бягучай хвіліны, пыл часоў, бляск забытага глянцу, музыка, якую не будуць разбіраць, і рухі, за якімі не хаваецца мэта. Ні маралі, ні маршруту! Толькі лёгкае пакалыхванне ў такт, шкляны звон у далонях і гук, што прылягае да цела, як аксаміт. Найлепшае і новае. Усё будзе вельмі добра, а калі не, то дакладна бліскуча.

У пятніцу, Зміцер Вайцюшкевіч грае ў Сопаце вясновы канцэрт. Абяцае самыя любімыя і шчырыя песні: вясна, лета, мора, каханне. І шмат банальных адказаў на складаныя пытанні. Будзе цёпла, душэўна і вельмі па-сапраўднаму. ⠀

У суботу, 31 траўня, купалаўцы граюць у Цюрыху спектакль «Зэкамерон» паводле твораў Максіма Знака.

Гэта спектакль, які балансуе на мяжы рэальнасці і абсурду. Смех скрозь слёзы, трагікамічныя гісторыі, дзе суровая рэчаіснасць ператвараецца ў тэатр жыцця. Гэта пра тое, як людзі знаходзяць сілы жартаваць нават там, дзе, здаецца, жартаў не засталося. Максім Знак асуджаны да 10 гадоў пазбаўлення волі. Ён напісаў свой «Зэкамерон» у камеры папярэдняга зняволення. Купалаўцы Сяргей Чуб і Алег Гарбуз разам з Уладзімірам Пугачам маюць гонар спрычыніцца да творчасці Максіма і падзяліцца сваімі ўражаннямі.

У суботу ў Вільні — вялікі канцэрт «Крамбамбулі» з нагоды 10-гадовага юбілею альбому «Чырвоны штраль».

У суботу Варшаву чакае метал-атака на беразе Віслы – канцэрт з удзелам 3 гуртоў! Gods Tower – легенды беларускага пэган-дум-металу, якія ўпісалі сваё імя ў гісторыю цяжкой сцэны. Магутны саўнд, міфалогія і глыбіня. Всё_CRAZY – выбуховая сумесь альтэрнатывы і металічнага драйву. Ніякіх правілаў, толькі шалёная энергія! Torn – маладыя ваяры сцэны: хуткасць, агрэсія і жорсткія рыфы, што не пакінуць у спакоі.

Такія падзеі чакаюць нас бліжэйшым часам. Далучайцеся!

Беларускае Радыё Рацыя