У пятніцу, 6 чэрвеня, у Вільні – вечар памяці беларускага і літоўскага кампазітара Канстанціна Галкоўскага, прымеркаваны да 150-годдзя ад яго нараджэння.

У пятніцу паэт і блогер Павел Горбач прыбывае ў Беласток з паэтычна-іранічным выступам. Старшыня Беларускай нацыянальнай рады па амаральнасці і камандор твітарскага Літаратурнага гуртка імя Арсенія Кісляка прывітае на Падляшшы і абяцае незабыўнае мерапрыемства з вершамі і жартамі, пра якое вы будзеце расказваць сваім унукам.
У пятніцу ў Франкфурце – творчая сустрэча з украінскай паэткай Ірынай Шувалавай і беларускай паэткай Юляй Цімафеевай. Будзе чытанне вершаў і дыскусія.
У Варшаве ў гэтыя дні ладзіцца выстава арт-студыі «Speu Ziamli» «Пыл». Пыл безумоўны і непазбежны. Ён адпадае ад нас у працэсе станаўлення і пошуку. Ён частка эфіру паўсядзённасці, што збірае фальклор нашага жыцця. У сваіх працах удзельніцы выставы і студэнткі арт-студыі «Speu Ziamli» паказваюць, як узняты святлом пыл не знік, а стаў часткай прасторы. Мастачкі візуалізуюць фрагменты ўласнага шляху праз жывапіс і графіку. А галоўнае, дэманструюць, як бачанне сябе спалучана з асабістым мастацкім працэсам. Выстава «Пыл» — пра вынікі таго, што нараджаецца не імгненнем, а глыбокай працай.
У межах выставы 18 чэрвеня адбудзецца адкрытая лекцыя заснавальніцы майстэрні Улляны Дулкінай «Что такое ИЗО?» Яна раскажа, як мы вучымся знаходзіць, адчуваць і адлюстроўваць рэчы праз выяўленчае мастацтва, навошта мастаку бачыць, а не проста капіраваць, і ў чым сутнасць жывога працэсу. Уваход на выставу, адкрыццё і опен-ток вольны. Працуе выстава да 30 чэрвеня.
У пятніцу ў Варшаве ў Музеі Вольнай Беларусі адкрываецца выстава Яраслава Кірвеля «Дошка Гонару». За высокія вытворчыя паказчыкі будуць адзначаны прадстаўнікі розных кірункаў. Перад пачаткам цырымоніі адбудзецца святочны зварот высокаўпаўнаважанага па справах культуры Яраслава Кірвеля, які выкажа падзяку найлепшым работнікам і працоўным калектывам. За эфектыўнае кіраўніцтва, высокія паказчыкі вытворчасці і актыўны ўдзел у культурным жыцці на Дошку Гонару будуць унесены лепшыя прадстаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый. Такая высокая ацэнка — гэта, вядома, вынік сумесных намаганняў усяго працоўнага калектыву, дзе кожны спецыяліст на сваім месцы. Пасля афіцыйнай часткі найлепшыя работнікі атрымаюць пасведчанні і кветкі. Запрашаюць усіх жыхароў і гасцей Варшавы і неабыякавых грамадзян на ўрачыстае ўзнагароджанне. Уваход вольны. Працуе выстава да 1 ліпеня.
Такія падзеі чакаюць нас бліжэйшым часам. Далучайцеся!
Беларускае Радыё Рацыя






