У сераду і чацвер у Гайнаўцы адбудзецца паказ спектакля «Віця» да 100-годдзя беларускага паэта Віктара Шведа. Мы памятаем яго перш за ўсё як аўтара дзіцячых кніг.

Ягоная паэзія ўтрымлівае ноткі гумару, якія адначасова і забаўляюць, і вучаць.
У чацвер, 12 чэрвеня, у Ляйпцыгу адбудзецца сустрэча з Ксеніяй Луцкіной. Былую журналістку Белтэлерадыёкампаніі асудзілі да 8 гадоў калоніі. У зняволенні ў яе пачаліся моцныя праблемы са здароўем — у яе расла пухліна ў галаўным мозгу.

Мінулым летам Ксенія выйшла на волю па памілаванні. Падчас мерапрыемства таксама адбудзецца напісанне лістоў беларускім палітвязням.
У чацвер хросныя бацькі беларускага фрык-попу гурт «Касіяпея» прэзентуе ва Уроцлаве новы альбом «Bipolar Star». Прышпіліце рамяні і рыхтуйцеся да касмічных прыгод.
У пятніцу, 13 чэрвеня, у Вільні ладзяць прэзентацыю выдання «Доўгая дарога дамоў» — артбуку і зборніку эсэ Машы Мароз, Ганны Карпенкі, Ігара Бабкова і Валерыя Мароза. Кніга, выпушчаная на беларускай і англійскай мовах, сабрала тэксты і візуальныя матэрыялы, прысвечаныя праекту «Доўгая дарога дамоў», які на працягу апошніх 10 гадоў рэалізоўвала беларуская мастачка Маша Мароз. Важнаму і ўнікальнаму архіву з палескіх вандровак мастачкі спадарожнічаюць філасофскія, паэтычныя і гістарычныя разважанні, якімі падзяліліся куратарка Ганна Карпенка, філосаф Ігар Бабкоў і гісторык Валерый Мароз.
У пятніцу ў Вільні – прэзентацыя кнігі Ігара Бабкова «Адам Клакоцкі і яго цені». Беларускі магічны тэатр 20-га стагоддзя: персанажы, сны, сюжэты, культурныя коды.

Раман пра Адама Клакоцкага — гэта класічная гісторыя посткласічнай беларускай літаратуры, у якой тутэйшая рэчаіснасць разглядаецца праз магічны крышталь сноў і мрояў. Кніга выйшла ў новай рэдакцыі ў выдавецтве «Логвінаў» у 2025 годзе. У дыскусіі бяруць удзел уважлівыя чытачы і літаратурныя крытыкі, а таксама выдаўца, аўтар, і некаторыя персанажы рамана.
У пятніцу ў Варшаве граюць канцэрт Андрусь Такінданг і Андрэй Лугін. Чакайце шчырых песень, цёплай атмасферы і магіі жывой музыкі ва ўтульнай абстаноўцы. Уваход – free donation.
У пятніцу ў Познані беларускі рэгі-гурт «Botanic project» прэзентуе новы альбом «Флэшбэк». Па канцэрце абяцаюць прагляд фільма «Рокеры» пра сусветна вядомых рэгі-выканаўцаў і афтэрпаці з дыджэямі.
Такія падзеі чакаюць нас бліжэйшым часам. Далучайцеся!
Беларускае Радыё Рацыя






