BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Пра цікавыя беларускія падзеі гэтага тыдня

У чацвер 19 чэрвеня гурт «Relikt» грае канцэрт у Берліне і прэзентуе новы сінгл «Сцізорык». Гурт з трох айцішнікаў і электрыка паўстаў у Светлагорску, у 2010-2020 паспеў змяніць беларускую рок-сцэну, а зараз працягвае творчасць у Еўропе.

Гэта музыка для тых, хто верыць у цуды і гатовы здзіўляцца зноў, нават калі здаецца, што ўсё ўжо перажыў. Іх называюць шаманамі, касмічнымі рокерамі. На канцэртах «Relikt» шмат настальгіі, шчырасці, рэфлексіі, але заўжды ёсць месца вясёлым скокам, слэмам і сапраўднай свабодзе.

У чацвер ў Зялёнай Гуры ўроцлаўскі гурт «Беларускія танцы» кліча на варштаты традыцыйных танцаў з жывой музыкай. Нас чакаюць фігурныя танцы з Беларусі, а таксама з Польшчы і Украіны. Не трэба мець досведу — усё пакажуць крок за крокам.

У пятніцу – анлайн-сустрэча з пісьменніцай, Нобелеўскай лаўрэаткай Святланай Алексіевіч. Яе творы — гэта гісторыя ХХ стагоддзя праз жаночыя вочы, дзіцячы боль, пасляваенную маўклівую траўму і надлом у час перабудовы. А цяпер — новая глава. Беларусь пасля 2020-га.

Пошук сябе сярод страхаў, эміграцыі, надзеі і супраціву. Падчас сустрэчы абмяркуюць: што адбылося з Беларуссю пасля 2020 года, што азначае быць беларусам сёння (мова, культура, ідэнтычнасць) і ці ёсць надзея ў часах рэпрэсій і масавай эміграцыі.

У пятніцу ў Варшаве – сустрэча з пісьменнікам Уладзімірам Казловым. Прапануе паразмаўляць і прэзентаваць пераклад сваёй першай кнігі «Гопнікі» на беларускую мову, якая выходзіць у выдавецтве «Логвінаў». Мадэратар — Павел Анціпаў, пісьменнік і галоўны рэдактар ​​выдавецтва «Мяне Няма».

У пятніцу і суботу ў Беластоку – майстар-класы традыцыйнага спеву «Песні Беласточчыны. Частка 3. Лета». Заняткі вядуць на базе фанаграфічнага архіву вядомага беластоцкага фалькларыста Сцяпана Копы, які знаходзіцца ў рэсурсах Цэнтра.

У пятніцу ў Кракаве адкрываецца фотавыстава Любові Хоміч «Nie swój, nie obcy». Гэтыя здымкі — спроба захаваць тое, што далікатнае, але незвычайна каштоўнае: імгненні, праведзеныя з блізкімі. «Праз партрэты я імкнуся спыніць час — і разам з тым выказаць той глыбокі страх, што мы не паспеем пражыць усё, што сапраўды важнае», — кажа аўтарка.

Такія падзеі чакаюць нас бліжэйшым часам. Далучайцеся!

Беларускае Радыё Рацыя