BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Пра цікавыя беларускія падзеі гэтага тыдня

У суботу, 19 красавіка, беларусаў Беластока клічуць на экскурсію па вуліцы Варшаўскай. Вуліца – помнік архітэктуры ХІХ і ХХ стагоддзя. Яшчэ раней яна ўзнікла як месца рассялення «баяраў» — служылых людзей пры палацы Браніцкіх.

У суботу ў Варшаве – псіхалагічная сустрэча «Выгаранне ў эміграцыі». На падзеі распавядуць, як фарміруецца выгаранне, як распазнаць яго першыя прыкметы, якія практычныя крокі дапамагаюць аднавіць энергію і вярнуць цікавасць да жыцця.

У суботу суполка «Іншыя» ладзіць у Вільні квіз па тэмах недыскрымінацыі, роўнасці і інклюзіі «No hate, just quiz». Тут чакаюць цікавыя пытанні ў блоках пра знакамітых жанчын, стэрэатыпы, інклюзіўныя практыкі і шмат іншага.

У суботу ў Познані адбудзецца прэзентацыя кнігі Макара Валынскага «Апошняе пакаленне», якая стала бэстселерам выдавецтва «Янушкевіч».

У суботу ў Варшаве – варштат мастачкі Святланы Баевай па роспісе велікодных яек. Не забудзьцеся прынесці з сабой яйкі.

У гэты ж дзень гурт Relikt прэзентуе ў Кракаве новы сінгл «Сцізорык».

У нядзелю, 20 красавіка, ў Варшаве грае вясновы дыска-канцэрт Георгій Дабро, ён жа Сяргей Пукст. Летуценная дзындра, касмічны пыл, бляск і канфеці. Толькі гэта і дыска-фанк.

У нядзелю ў Кракаве ладзяць уваскрэснае кавапіццё. Кава ёсць амаль у кожнага дома. А кавярні зараз папулярнейшыя за касцёлы. То запрашаюць пазнаёміцца з гэтым напоем бліжэй.

У нядзелю Анастасія Рыдлеўская грае ў Варшаве першы сольны канцэрт і прэзентуе новы альбом «Snake Charmer». «Год таму я пачала пісаць свой трэці альбом — і за гэты час маё жыццё павярнулася на 180 градусаў. Я пачала выступаць, знайшла каманду, сяброў і, нарэшце, дазволіла сабе жыць музыкай. Гэты альбом — пра свабоду быць сабой. Пра прыняцце сваіх страхаў, жаданняў і пачуццяў», — кажа спадарыня Анастасія.

У нядзелю ў Тбілісі грае канцэрт Арцём Невыважук. Нас чакае вечар жывой акустычнай беларускай музыкі. Прагучаць аўтарскія песні — саркастычныя, легкадумныя, а часам проста абсурдныя.

Такія падзеі чакаюць нас бліжэйшым часам. Далучайцеся!

Беларускае Радыё Рацыя