BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Пра цікавыя беларускія падзеі гэтага тыдня

У суботу, 21 чэрвеня, беларусы ў Варшаве сустракаюцца на беразе Віслы, каб адзначыць Купалле. Спевы, танцы, варажба, пошукі папараць-кветкі і яднанне добрых сілаў супраць злых.

У суботу клічуць адсвяткаваць Купалле ў Леснічоўцы ў вёсцы Каменна пад Уроцлавам. У праграме – гульні для дзяцей, майстар-класы па ткацтве і ганчарстве, экскурсія ў музей польскага мастацтва, абрады, танцы, гульні і карагоды.

У нядзелю, 22 чэрвеня, у Батумі – прэзентацыя аўдыёспектакля «Brest HERstory» пра жаночую гісторыю Берасця Другой сусветнай вайны. Гэта погляд на гістарычныя падзеі праз лёсы і дзейнасць жанчын. Крыніцамі сталі архіўныя матэрыялы і фота, апублікаваныя тэксты і сведчанні, дзённікі і інтэрв’ю.

У нядзелю тэатр «Дзея другая» грае ў Варшаве спектакль «Быкаў і ягоныя д’яблы». Да Васіля Быкава на дзень нараджэння прыходзяць нечаканыя візіцёры. Чаму Быкаў ім не рады? Чаму не хоча прызнавацца, хто ён ёсць? З якімі спакусамі сутыкнецца і ці зможа ўратавацца?  Таксама ў спектаклі гучаць аўтарскія мелодыі кампазітара Сяргея Пукста ў выкананні аўтара; жывыя спевы на вершы Г. Бураўкіна, У. Някляева, П. Прыходзькі, А. Пысіна. Пастаноўка ўключае ўрыўкі са знакамітых і менш вядомых твораў Быкава. Рэжысёр, аўтар тэксту — Васіль Дранько-Майсюк. Мастак, аўтар візуалу — Даніла Ганчароў. Акторы: Васіль Дранько-Майсюк, Алена Баярава, Сяргей Пукст, Вольга Каралёнак.

У нядзелю гурт «Петля Пристрастия» грае ў Варшаве вялікі канцэрт з нагоды рэлізу на вініле альбома «Не тот человек». Гурт сыграе альбом цалкам, а яшчэ прагучаць хіты з леташняй «Суперпазіцыі» і не толькі.

У суботу ў Тбілісі – здымкі пілотнага выпуску праекта «Умоўна геніяльнае шоу». Гэта фармат, у якім шукаюць адказы на складаныя пытанні, аб’яднаныя адной тэмай, — Беларуссю. Сучаснай і старажытнай, гарадской і вясковай, навуковай і эстэтычнай, вандроўнай і хатняй. Але адказы на гэтыя пытанні не абавязкова будуць правільныя, бо залічвацца будуць таксама і смешныя.

У суботу ў Гданьску – сустрэча «Вершы. Віно. Вінілы» з паэткай Настай Кудасавай.

Гэтым разам будзе джаз-фанк і соўл з інтэнсіўнай прысутнасцю духавых інструментаў. Найфайнейшая складанка ад мэтраў, толькі найлепшае. Дудзення мала не будзе, але гэта будзе цудоўнае дудзенне.

У суботу ў Варшаве граюць спектакль «GALERA». Тры чалавекі. Адзіныя дзверы. Што можа быць лягчэй — увайсці ды заявіць пра свае правы босу, які не паважае цябе і фактычна валодае табой, як нявольнікам?  Але, як высвятляць героі гэтага спектакля, зрабіць тое вельмі цяжка, амаль немагчыма. Драматург — Андрэй Іваноў. Рэжысёр — Андрэй Новік.

Такія падзеі чакаюць нас бліжэйшым часам. Далучайцеся!

Беларускае Радыё Рацыя