У суботу, 5 ліпеня, у Вільні – сустрэча «Чытаю сабе сам». Ілюстратарка Марыя Платонава і дзіцячы паэт Андрэй Скурко збіраюць сяброў, каб разам паразглядаць малюнкі, пачытаць казкі, а можа, нават паспяваць. Вось вы ведалі, як намаляваць жука? Спадарыня Марыя не ведала, але разабралася — і пакажа пару сакрэтаў. Будзе таксама прэзентацыя дзіцячых кніжак серыі «Чытаю сабе сам» — і не толькі! Чакаюць дзяцей і дарослых! Уваход вольны.

У суботу комікі Ідрак Мірзалізадэ, Міхась Ільін, Паша Крывец i Сяргей Дзяткоў зладзяць новыя «Гутаркі» са здымкай на ютуб. Гэта забаўляльна-імправізацыйнае шоў пра тое, што хвалюе комікаў і нас. Абмяркуюць усё з гумарам і на беларускай мове!
У суботу ў Познані адбудзецца купальскі фэст PAPARAĆ.

У плане – вадзіць карагоды, спяваць традыцыйныя і сучасныя песні з музыкамі з розных гарадоў, вучыцца новаму на варштатах, глядзець тэатральныя перформансы, знаёміцца, адпачываць, праводзіць час з сябрамі і знаходзіць аднадумцаў. Лайнап насычаны: KMIT-ANSAMBL, OFFLINE MEETUP, APPLEPICKER, ZUI, BABINA LETA, ILYA SEMASHKEVICH, STROPPY PIE, SAMOGULOV, DIGITAL ACTIVISM.
У суботу беларусы Швейцарыі святкуюць Купалле на беразе маляўнічага возера Türlersee і запрашаюць усіх далучацца. Тут чакае сяброўская атмасфера, музыка, гульні, спевы, пляценне вянкоў, скокі праз вогнішча і іншыя купальскія абрады. Адмысловы музычны госць — спадар Алесь — пазнаёміць вас з беларускімі гуслямі і дудой, а таксама правядзе майстар-клас па беларускіх традыцыйных танцах. Уваход вольны!
У нядзелю, 5 ліпеня, у Варшаве ладзяць беларускамоўны шпацыр “Лазенкі ў ценю і на сонцы”. Каралеўскія Лазенкі – адзін з самых прыгожых паркаў у Польшчы. Заснаваныя ў XVIII стагоддзі каралём Станіславам Аўгустам Панятоўскім, яны поўныя гістарычных будынкаў, такіх як Палац на востраве або Старая аранжарэя. У Лазенках можна адчуць сябе сведкам гісторыі і зразумець, што прыцягвала людзей да ўлады і прэстыжу. Не толькі ў часы апошняга караля Рэчы Паспалітай, бо з Лазенкамі звязаныя і паўстанні 19 стагоддзя, і пазнейшы перыяд незалежнай Польшчы.
Такія падзеі чакаюць нас бліжэйшым часам. Далучайцеся!
Беларускае Радыё Рацыя






