У чацвер, 10 ліпеня, – анлайн-сустрэча з пісьменнікам Віктарам Марціновічам «Беларусь пад іншым небам. У пошуках роднага мастацтва ў музеях Нью-Ёрка».

Спікер запрашае на прэзентацыю-вандроўку па нью-ёркскіх музеях у пошуках нечаканых кантактаў з родным мастацтвам. Падчас падзеі абмяркуюць: чым адрозніваюцца еўрапейскія мастацкія музеі ад амерыканскіх? Што такое н’ю-ёркская арыентаванасць на калекцыянераў і часовыя экспазіцыі? Як знайсці ў Цэнтральным парку статую віцебскага князя? Рэгістрацыя па спасылцы: https://zoom.us/meeting/register/v4ThoF03S5yszPpiScpS0w#/registration.
У чацвер у Берліне – імпрэза «Жыццё і пісьменства ў (берлінскім) выгнанні: беларусы паміж сучаснасцю і мінулым». Тут чакаюць чытанні і дыскусія з Альгердам Бахарэвічам, Светай Бень, Вольгай Бубіч, Юліяй Цімафеевай, Дзмітрыем Строцавым і Змітром Вішнёвым. Як жывецца, чытаецца і пішацца ў Берліне ў 2020-я гады беларускім аўтарам? Як аўтары ўспрымаюць паўсядзённае жыццё ў сваіх раёнах? Як фарміруецца маўленне і мысленне пра літаратуру ў існаванні «паміж»? Ці ёсць літаратурныя ўзоры для пераймання, якія фарміруюць ваша ўяўленне пра Берлін як пра месца транзіту або прытулку? А якія сляды мінулых гісторый пра беларускую эміграцыю можна выявіць? Уваход вольны. ⠀

У пятніцу, 11 ліпеня, у Празе – канцэрт памяці мастака Алеся Пушкіна. У праграме — прамовы людзей, якія ведалі спадара Алеся, і выступ Святаслава Ліпеня.
У суботу ў Варшаве “Тутэйшы тэатр” распачынае сустрэчы “Тутэйшага клуба”. Прапануюць стварыць прастору і атмасферу, у якой на роўных, без прэтэнзій можна будзе пасуполіцца, паспілкавацца, пажартаваць, адпачнуць, пагуляць, патусавацца і па- што яшчэ можа прыйсці ў нашыя галовы. То зладзяць прэзентацыю і спробу. Дакладна будзе фармат Жывой бібліятэкі, у якім людзі-кнігі будуць распавядаць і слухаць гісторыі, дзяліцца цікавым і кранальным, смешным і лёгкім, тым, на што будзе настрой. Уваход вольны, free donation.
Таксама ў суботу ў Варшаве пройдзе сустрэча з праектам “о(б)суждаем”, то бок з Іванам Прусам і Глебам Сямёнавым. Асобы – тыя ж, тэмы – з першых газетных палос, ніякага мантажу і тэхнічных стопаў, а ў цэнтры ўсяго – вядома, гледачы. Збіраюцца ў разгар лета на верхніх паверхах хмарачоса. Там і паветра чысцей, і на крынж глядзець лягчэй – з лёгкім налётам снабісцкай перавагі.
Такія падзеі чакаюць нас бліжэйшым часам. Далучайцеся!
Беларускае Радыё Рацыя






