BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Пра цікавыя беларускія падзеі гэтага тыдня

У сераду ініцыятыва ФШ1 ладзіць у Варшаве творчую сустрэчу з фатографкай Ганнай Шот. У сваёй працы аўтарка асаблівую ўвагу надае сет-дызайну, часта ствараючы элементы ўручную. Яе здымкі — гэта даследаванне сімвалаў, архетыпаў і падсвядомасці. Спадарыня Ганна распавядзе пра свой творчы шлях — ад першых праектаў да сённяшняй практыкі, прэзентуе праект «На мяжы памяці» (Gaude Polonia) і падзеліцца крыніцамі натхнення, якія фарміруюць яе візуальную мову. Пасля выступаў — нэтворк. Уваход вольны, і можна будзе заданаціць арганізатарам.

Ганна Шот

У сераду і чацвер у Кёльн завітае знаўца беларускай музычнай і спеўнай традыцыі Сяржук Доўгушаў з дзвюма імпрэзамі. 16 ліпеня будзе варштат па беларускай ліры. Спадар Сяржук раскажа пра інструмент і традыцыю лірных спеваў. На наступны дзень адбудзецца музычны пікнік і прэзентацыя кнігі «Беларускія Калыханкі». Бо выступоўца — яшчэ і ўкладальнік і аўтар ідэі выдання кнігі беларускіх калыханак. У планах — аўтограф-сесія, жывое абмеркаванне і супольныя спевы.

У чацвер ва Уроцлаве — новая лекцыя Андрэя Хадановіча пра беларускую літаратуру з цыклу «Доўгая дарога дадому». Яна гэтым разам прысвечана творчасці Святланы Алексіевіч. Абмяркуюць: ці можна вярнуцца з вайны? Чаму ніяк не скончыцца эпоха «чырвонага чалавека»? Што такое «звышлітаратура» і чаму пісьменніца вучылася ў Адамовіча і Быкава? Калі аўтарка напіша кнігу пра каханне і што піша зараз замест яе? Лекцыя будзе па-беларуску з паралельным перакладам Юрыя Ліхтаровіча на польскую мову для ахвочых.

У пятніцу комікі Антон Дзюбайла і Паша Радзевіч запрашаюць на медыцынска-гумарыстычнае шоў «Мне толькі спытаць». У ім да комікаў прыходзіць лекар-хірург, распавядае самыя смешныя і трэшовыя гісторыі са сваёй практыкі, а комікі дапамагаюць зрабіць гэтыя гісторыі яшчэ больш весялымі. Таксама будзе магчымасць задаць лекару любое хвалюючае пытанне.

У пятніцу ў Музеі Вольнай Беларусі – канцэрт беларускай музыкі, прымеркаваны да трохгоддзя ўстановы. На сцэне: інды-поп і электроніка з эмацыйнай выразнасцю Zui, этна-электроніка з традыцыйнымі інструментамі і візуальным суправаджэннем Kriwi, а таксама лідар гурта J:Морс Уладзімір Пугач з аўтарскімі песнямі пра тое, што важна, у акустыцы. Будзе гучаць тое, што блізкае. Уваход вольны.

У пятніцу ў Кракаве грае ўтульны камерны канцэрт гурт «SOYUZ». Калектыў родам з Менска і заснаваны мультыінструменталістамі Аляксеем Чумаком і Мікітам Арловым. Пасля пераезду ў Варшаву да іх далучыліся Альберт Карч і Ігар Вішнеўскі. Іх музыка даследуе і пераасэнсоўвае спадчыну джазавай, пераважна неангламоўнай поп-музыкі XX стагоддзя, з моцнай патрэбай у музычнай свабодзе.

У пятніцу ў Празе выступіць гурт «Irdorath». Кампанію складзе паган-фолк-гурт «Deloraine».

Такія падзеі чакаюць нас бліжэйшым часам. Далучайцеся!

Беларускае Радыё Рацыя