У суботу ў Брэмене – лекцыя Соф’і Кузьміч «Паміж агнём: дыктатура, міграцыя і дзікая прырода ў Белавежскай пушчы». Што адбываецца, калі лес становіцца лініяй фронту? Белавежская пушча — апошні вялікі першасны лес Еўропы — сёння стала арэнай крызісу, у якім пераплятаюцца лёсы ўцекачоў, геапалітыка і знішчэнне прыроднага асяроддзя.

Падчас лекцыі навукоўца і актывістка Соф’я Кузьміч паразважае пра тое, як унікальная экасістэма і ўразлівыя чалавечыя жыцці аказаліся ўцягнутымі ў адну трагедыю — і што гэта азначае для будучыні межаў, біяразнастайнасці і нашай супольнай адказнасці. Лекцыя будзе на ангельскай мове.
У суботу беларуская музычна школка ў Варшаве запрашае на канцэрт-падарожжа па ўсім свеце. Гасцей чакае салодкі стол, канцэрт дуэта «DoLa».
У суботу ў Гданьску – лекцыя Андрэя Бандарэнкі «Сарматызм: жыццё шляхецкай сям’i ад народзiнаў да пахавання». Тут чакае аповед пра тое, як шляхта глядзела на свет, на сваю краіну, на суседзяў, якімі прынцыпамі кіравалася ў палітыцы, на вайне і ў штодзённым жыцці. Як польска-літоўская шляхта бачыла сваё паходжанне? Як, калі і з кім прадстаўнікі шляхты бралі шлюб? Як выхоўваліся, чаму і дзе вучыліся дзеці?
У суботу вучні тэатра «Разам» прэзентуюць у Вільні тэатральную праграму «Не магу маўчаць». Кожны з нас цэлы сусвет. Нашыя душы і сэрцы напоўненыя страхамі, думкамі, хваляваннямі. Свет цікавы і складаны. Свет — гэта тое, што перажывае кожны з нас. Нашай увазе — эцюды, вершы, у тым ліку ўласнага сачынення, урыўкі з п’ес, паэма «Кастусь Каліноўскі».
У нядзелю ў Кракаве – кніжныя чытанкі для дзетак на вольным паветры. Прапануюць паглыбіцца ў чароўны свет кнігі Кацярыны Міхаліцынай «Хто расце ў садзе». Ці чулі вы калі-небудзь, як размаўляюць дрэвы. Ці ведаеце, пра што марыць маленькі салавей, які вярнуўся з далёкіх краёў? Запрашаюць дзяцей і іх бацькоў разам пагартаць старонкі кнігі і дапамагчы салаўю знайсці ідэальны домік. Падчас сустрэчы мы паслухаем гісторыі дрэў: чым ганарыцца груша, пра што маўчыць старая сліва і якія сакрэты хавае вішня. Паразважаем пра тое, што такое сапраўдны дом, чаму важна ведаць свае карані і як знайсці сваё месца ў вялікім свеце. Акрамя чытання, малых удзельнікаў і ўдзельніц чакае невялічкі творчы майстар-клас, добрая атмасфера і цікавыя размовы на вольным паветры.
У нядзелю ў Вільні грае канцэрт фолк-дуэт «RALLA». Абяцаюць усе хіты. Моц беларускага традыцыйнага спеву, энэргія струнных інструментаў, прыгажосць фальклорных сюжэтаў — тое, што ніколі не будзе лішнім.
Такія падзеі чакаюць нас бліжэйшым часам. Далучайцеся!
Беларускае Радыё Рацыя






