У Брне выступяць з чытаннямі сваіх твораў беларускія паэты. У панядзелак чакаецца сустрэча з Ганнай Янкутай, у сераду – з Уладзімірам Някляевым.

У аўторак у Варшаве – майстар-клас «Сямейная памяць: як захаваць і апрацаваць?». Плюс прэзентацыя Беларускага архіву прыватных фільмаў. Магчымы і анлайн-удзел. Кalyska.archive — ініцыятыва па пошуку і захаванні home movie беларусаў канца ХХ стагоддзя. У межах падзеі адбудзецца таксама дыскусія з удзелам Паўліны Скурко, кандыдаткі гістарычных навук і аўтаркі адукацыйнага курса «Спадчына маёй сям’і: як зразумець і захаваць». Канец мінулага стагоддзя для беларусаў выдаўся насычаным і турботным. Перабудова, Чарнобыль, Галоснасць, распад Савецкага Саюзу, а з ім канец БССР і ўрэшце пачаткі Незалежнай Рэспублікі Беларусь. З Незалежнасцю мы атрымалі «дарослую» адказнасць за ўласны лёс і шлях. Для кагосці той час — гэта роспач і гора, для іншых — час магчымасцяў і новых ведаў. Ці дбайна мы падумалі пра яго, ці падыскутавалі? Ці зразумелі, кім сталіся тыя, хто перажыў той час і хто такія мы, дзеці 1990-х? Гэтыя пытанні і абмяркуюць на падзеі.
У чацвер комікі Ідрак Мірзалізадэ і Паша Крывец ладзяць у Варшаве стэндап-гутаркі з запісам на ютуб і запрашаюць у госці вядучую Марыну Ментусаву. Нас чакае забаўляльна-імправізацыйнае шоў пра тое, што хвалюе. Абмяркуюць усё на беларускай мове.
У чацвер у Вільні – прэзентацыя даследавання «Пераарыентацыя падтрымкі грамадзянскай супольнасці Беларусі». Спікер — Пётр Маркелаў, магістрант Універсітэта ISM. Ён прэзентуе комплекснае даследаванне, у якім былі апытаныя 800 беларусаў і прааналізаваныя 25 сектараў міжнароднай дапамогі. Пасля 30 гадоў і соцень мільёнаў долараў — чаму заходняя падтрымка грамадзянскай супольнасці ў Беларусі прывяла да такога малога дэмакратычнага прагрэсу? Даследаванне спадара Пятра раскрывае: міжнароднае фінансаванне стварыла сістэму залежнасці, якая фактычна ўмацоўвае аўтарытарныя наратывы, падтрымліваючы праграмы, якія большасць беларусаў адхіляе. Абмяркуюць: як замежнае фінансаванне стварае «псеўдапалітыкаў», якія падсправаздачныя донарам, а не грамадзянам; чаму прымяненне шаблонаў глабальнага Поўдня да Беларусі мае непрыемныя наступствы. Дадзеныя паказваюць, што нават ліберальныя беларусы адхіляюць гендарныя праграмы, рэвалюцыйныя альтэрнатывы: мікрагранты ў біткойнах і фінансаванне, якое кантралюецца супольнасцю. Варта быць гатовымі да нязручных ісцін, гарачых дыскусій і патэнцыйна рэвалюцыйных ідэй.
Такія падзеі чакаюць нас бліжэйшым часам. Далучайцеся!
Беларускае Радыё Рацыя






