BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Пра цікавыя беларускія падзеі гэтага тыдня

У чацвер у Варшаве граюць атмасферны джазавы канцэрт Вова Міхновіч і Філіп Петчанка. Раз на два месяцы багі джазу спускаюцца, каб праславіць нашае маленькае жыццё канцэртам настолькі гладкім, што ён можа паспрыяць мірным перамовам або хаця б залекаваць ваша сэрца, стомленае ад сіцьюэйшншыпаў. Музыкі абяцаюць стварыць саўндтрэк да ўнутранага фільма нуар.

У пятніцу ва Уроцлаве — новая лекцыя Андрэя Хадановіча пра беларускую літаратуру з цыклу «Доўгая дарога дадому». Яна гэтым разам прысвечана творчасці Святланы Курс (Евы Вежнавец). Абмяркуюць: пра што апавядае (і як «зроблена») першая кніга аўтаркі; як пісьменніца паказвае дзве вайны, дзевяць уладаў і «сем смярцей, малых і вялікіх» ; гвалт і магію, мужчынскае і жаночае: наследаванне ці палеміка з літаратурнай традыцыяй і шмат чаго іншага. Лекцыя будзе па-беларуску з паралельным перакладам на польскую мову для ахвочых. Будзе і анлайн-трансляцыя.

У пятніцу ў Варшаве адкрываецца выстава Уладзіслава Бохана «Рэтра/перспектыва». Палова палотнаў — з першай і апошняй выставы ў Беларусі за тыдзень да пратэстаў 2020-га. Палова — эмігранцкі перыяд, у тым ліку самае свежае толькі з-пад пэндзля як спроба асэнсаваць пройдзены шлях. Прыходзьце за келішкам ці кубкам пагутарыць аб тым, адкуль мы пачыналі, куды прыйшлі, куды ідзем, чаму ўсё так сталася і чаму ж да канца не адпускае. Выстава працуе толькі два дні — па 2 жніўня.

У суботу ў Торуні граюць спектакль «Сіндром Гаргоны». У рамках месячнай рэзідэнцыі беларускія артысты стварылі перформанс, які, паводле слоў групы, з’яўляецца «спалучэннем фізічнага тэатра, дакументальнага кіно, старажытнай сімволікі і рытуалу». Адпраўная кропка – міф пра Медузу — адна з Гаргон. Для стваральнікаў спектакля гісторыя гвалту, ізаляцыі, трансфармацыі і адраджэння становіцца сімвалічным люстэркам сучаснага досведу. Непасрэдным натхненнем стаў марш супраць гвалту пад лозунгам «Яе звалі Ліза», калі 6 сакавіка 2024 года ў цэнтры Варшавы жанчыны выйшлі на вуліцы. Пасля выступу адбудзецца сустрэча з камандай спектакля.

У пятніцу ў Дрэздэне адкрываецца фотавыстава Андрэя Лянкевіча «Традыцыйныя беларускія інтэр’еры». Падзея дэманструе бягучы фотапраект, у якім спадар Андрэй дакументуе знікаючае ўнутранае ўбранне традыцыйных дамоў у Беларусі. Яго архіў праектаў цяпер уключае больш за 100 інтэр’ераў, і ён плануе стварыць лічбавы анлайн-архіў, куды кожны карыстальнік зможа дадаваць свае ўласныя здымкі мясцін і дамоў. Акрамя інтэр’ераў, фатограф паказвае і жыхароў, пераважна ў іх паўсядзённым адзенні.

Такія падзеі чакаюць нас бліжэйшым часам. Далучайцеся!

Беларускае Радыё Рацыя