У Кракаве працуе выстава беларускіх мастакоў «Чалавек на скрыжаванні: зямля, бетон і плоць», якая стваралася на арт-пляцоўцы Пікніка. Гэтая падзея — рэфлексія пра тое, хто мы і дзе мы, што нам дарагое, а ад чаго хочацца адвярнуцца. Зямля распавядае пра архаічнае, цёплае і блізкае: пра бабуліны рукі, суседскую яблыню і той самы пах лесу. Бетон паказвае гарадскія сеткі і куты, жывую штодзённасць, шурпатасць фасадаў і ток электрычнасці па жылах. Плоць глядзіць тварамі і целамі людзей, іскрыць эмоцыямі і прымушае ўглядацца ў вочы. Падзея працуе да 6 жніўня.
У пятніцу ў Дрэздэне адкрываецца фотавыстава Андрэя Лянкевіча «Традыцыйныя беларускія інтэр’еры». Падзея дэманструе бягучы фотапраект, у якім спадар Андрэй дакументуе знікаючае ўнутранае ўбранне традыцыйных дамоў у Беларусі. Яго архіў праектаў цяпер уключае больш за 100 інтэр’ераў, і ён плануе стварыць лічбавы анлайн-архіў, куды кожны карыстальнік зможа дадаваць свае здымкі інтэр’ераў і дамоў. Таксама аўтар паказвае і жыхароў, пераважна ў іх паўсядзённым адзенні. У суботу будзе дадатковае спецыяльнае адкрыццё выставы, дзе будзе прысутнічаць аўтар. Падзея працуе да 3 лістапада.
У суботу ў Варшаве – караоке-імпрэза ад клуба “Меламанія”. Гэта не проста караоке, гэта вакальная інтэрвенцыя. Вядучай вечара будзе экспертка па вакале Ганна Дамброўская, якая выцягне з вас такія гукі, пра якія вы ніколі не падазравалі. А яшчэ распавядзе, як выходзіць на сцэну, не губляючы прытомнасць, і падзеліцца лайфхакамі, якія дапамогуць вам гучаць лепш (нават калі вы ніколі не спявалі). У праграме: міні-трэнінг “Як спяваць лёгка і не стамляцца”, разбор страхаў, практыка ў караоке з мяккай падтрымкай, агульная песня на завяршэнне вечара.
У нядзелю ў Познані адбудзецца лекцыя «Беларускі традыцыйны інтэр’ер». Фотапраект дакументуе, як выглядаюць дамы, у якіх яшчэ жыве апошняе пакаленне носьбітаў вясковай культуры. Гэта не толькі пра інтэр’еры — гэта пра памяць, адзіноту, страты і тое, што яшчэ можна захаваць. На сустрэчы таксама можна будзе набыць абноўленае выданне кнігі «Паганства». Уваход вольны.

У нядзелю J:МОРС грае канцэрт у Сан-Францыска. Франтмэн гурта Уладзімір Пугач разам з гітарыстам Сяргеем Шчурко зайграюць адмысловую юбілейную праграму да 25-годдзя калектыву. Вядомыя і любімыя песні, асаблівая «лямпавая» атмасфера — тое, што нам зараз патрэбна. Надышоў час сустрэцца, абняцца, падзяліцца цеплынёй і, вядома жа, праспяваць разам.
Такія падзеі чакаюць нас бліжэйшым часам. Далучайцеся!
Беларускае Радыё Рацыя






