BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Пра цікавыя беларускія падзеі гэтага тыдня

У аўторак у Варшаве грае канцэрт баяніст Аляксандр Ясінскі. «Я прыеду да вас пайграць прыгожую музыку, якую вельмі люблю і глыбока адчуваю. Для мяне гэта будзе ўнікальнае падарожжа, дзе задумлівы беларускі фальклор сустрэнецца са стыхійнай імправізацыяй, дзе медытатыўны мінімалізм напаткае рокавы драйв, дзе сутыкнуцца старое і сучаснае, простае і складанае», — кажа спадар Аляксандр.

У аўторак у Брне адбудзецца паказ дакументальнага фільма Аляксея Палуяна «Кураж», прысвечаны беларускім пратэстам. Па сеансе пройдзе дыскусія з Крысцінай Шыянок, дырэктаркай Офіса дэмакратычных сілаў Беларусі ў Чэхіі. Паказ праводзіцца ў супрацоўніцтве з кафедрай медыязнаўства і журналістыкі факультэта сацыяльных навук МУ.

У сераду літаратары Альгерд Бахарэвіч і Юлія Цімафеева запрашаюць на творчую сустрэчу ў Марбургу. У цэнтры ўвагі вечара будзе раман Альгерда Бахарэвіча «Сабакі Еўропы», за які ўзнагароджаны Лейпцыгскай кніжнай прэміяй. Вечар будзе весці даследчыца Таццяна Астроўская.

У сераду ў Варшаве тэатр «Дзея другая» грае эратычна-музычны эскіз у чатырох дзеях «Шчасьлівы муж» паводле п’есы Францішка Аляхновіча. Тут чакае «старасвецкая камедыя пра мяшчанскую Вільню у свежай інтэрпрэтацыі нашага стагоддзя». У цэнтры сюжэту — прага кахання, спроба быць тым, кім ты не з’яўляешся, і жаданне задаволіць свой юр. Вясна. Мільён паспешных вырашэнняў, за якімі так цікава назіраць звонку і рабіць выгляд, што цябе гэта не тычыцца. Жыўцом грае кампазітар. Акторы спяваюць і танчаць. Аўтар на вачах у гледача прыдумляе развязку драмы. І ўсё гэта — каб вы адклалі ўбок свае турботы і проста адпачылі. Рэжысэр, аўтар адаптацыі — Васіль Дранько-Майсюк. Кампазітар — Ілля Семашкевіч. Акторы: Васіль Дранько-Майсюк, Алена Баярава, Сяргей Пукст, Маргарыта Яцкевіч, Даніла Ганчароў, Вольга Каралёнак, Арсэн Міраненка.

У сераду ў Таліне сольны акустычны канцэрт грае Піт Паўлаў. Наведнікаў чакае канцэрт-стэндап: старыя і новыя песні, справаздача за апошні год.

Такія падзеі чакаюць нас бліжэйшым часам. Далучайцеся!

Беларускае Радыё Рацыя